Верасень, кветкі, школьны званок (+відэа)

Галоўнае Улада

Зноў верасень паклікаў юных беларусаў за парты.

На Дзятлаўшчыне ў 2023-2024 навучальным годзе за іх села 2209 навучэнцаў, 164 з іх – першакласнікі.

Урачыстыя лінейкі ў школах раёна адбыліся 1 верасня ў Дзень ведаў. У Дварэцкай сярэдняй школе ўдзел у свяце прынялі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская, старшыня Дварэцкага сельвыканкама Вера Добыш, намеснік дырэктара ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Сачык, адказная па ідэалагічнай рабоце ААТ “Дварэцкі льнозавод” Ала Хамко, іншыя госці.

Права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і адкрыць першавераснёўскую лінейку было прадастаўлена дыпламанту І ступені абласной краязнаўча-навуковай практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі” Паўлу Ганчару і прызёру раённых алімпіяд па рускай і беларускай мовах Соф’і Ганчар.

Педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў з Днём ведаў павіншаваў кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі:

– У вашай школе пачынаюць заняткі 108 навучэнцаў, у тым ліку 7 першакласнікаў. Жадаю, каб новы навучальны год для іх стаў яркім, запамінальным, выніковым, а такім ён будзе, калі старанна вучыцца, у чым абавязкова дапамогуць настаўнікі і бацькі. Не варта баяцца цяжкасцяў, бо яны загартоўваюць. Сёння я дзякую педагогам Дзятлаўшчыны за падрыхтоўку ўстановаў да навучальнага года і стварэнне камфорту. Настаўнікам Дварэцкай школы ўдзячны за тое, што ўсе выпускнікі-адзінаццацікласнікі 2023 года паступілі на педагагічныя спецыяльнасці. Мяркую, гэта самая высокая ўзнагарода, калі вучні бяруць прыклад са сваіх настаўнікаў і бачаць у іх эталон для ўласнай будучыні.

Самыя цёплыя пажаданні прагучалі ў час урачыстасці для дварэцкіх першакласнікаў, у тым ліку ад малодшых сяброў-дашкалятаў. Навучэнцы першага класа таксама не засталіся ў баку ад падзеі і падрыхтавалі кранальныя вершы. Не абышлося і без падарункаў. Іх хлопчыкам і дзяўчынкам, якія сёлета ўпершыню селі за парты, уручылі старэйшыя сябры-адзінаццацікласнікі, а дырэктар установы Наталля Болтач перадала традыцыйныя падарункі ад Прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі – кнігі “Мая Радзіма – Беларусь”, прыемныя сюрпрызы самым юным вучням уручылі таксама прадстаўнікі адкрытых акцыянерных таварыстваў “Дварэцкі льнозавод”, “Дварэц-Агра”.

Навучэнцы 11 класа таксама падрыхтавалі для ўдзельнікаў лінейкі сваё ўрачыстае вітанне. Першы ў гэтым навучальным годзе званок для навучэнцаў Дварэцкай сярэдняй школы прагучаў у выкананні першакласніцы Дар’і Маркевіч і адзінаццацікласніка Паўла Мацюка. Ён паклікаў школьнікаў за парты на тэматычны рэспубліканскі ўрок “Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння”. Такія ж урокі прайшлі сёння ва ўсіх школах.

У якасці гасцей у 7 клас да настаўніцы матэматыкі Марыны Ігнацік, якая сёлета святкуе свой прафесійны юбілей – 25-ы раз разам з вучнямі сустракае 1 верасня каля школьнай дошкі, накіраваліся Андрэй Садоўскі, Марына Лашкоўская, Вера Добыш, Наталля Болтач. Напрыканцы Андрэй Уладзіміравіч адзначыў высокі ўзровень занятка і падкрэсліў, што менавіта асабісты прыклад, творчасць, пазітыўны настрой педагога з’яўляюцца пуцяводнай зоркай для яго вучняў і надзейным стартам у будучыню, а на дварэцкай зямлі ёсць сапраўдныя настаўнікі, нездарма тут адкрыты педагагічны клас і яго сёлетнія выпускнікі ўсе без выключэння жыццёвай дарогай для сябе выбралі менавіта настаўніцкія спецыяльнасці.

Ірына СТЫРНІК

Фота Ірыны СТЫРНІК, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga