У Віталія Крэйдзіча – рэспубліканская перамога

Галоўнае Грамадства

Рэспубліканскі конкурс ГА “БелТІЗ” па элементарнай рэабілітацыі людзей з інваліднасцю па зроку “Новы статус” прайшоў у Гомелі.

Гродзеншчыну на мерапрыемстве прадстаўлялі 7 удзельнікаў, сярод якіх быў і наведвальнік Дзятлаўскай раённай арганізацыі гэтага аб’яднання Віталій Крэйдзіч.

Упершыню на конкурсе для большай аб’ектыўнасці ўдзельнікаў ацэньвалі ў дзвюх катэгорыях: “Пачатковыя карыстальнікі” і “Вопытныя карыстальнікі”.

Першае заданне паказала, наколькі канкурсанты ўмеюць валодаць асістыўнымі прыладамі і тэхналогіямі, такімі, як мабільны інтэрнэт-банкінг, дадатак для распазнання грашовых купюр, месенджары Viber або WhatsApp, дадатак “БЧ. Мой цягнік”, электронная пошта, дадатак e-dostavka. Удзельнікі іспытаў чыталі па сістэме Брайля і практыкаваліся ў расшыфроўцы ўласнаручнага подпісу. Другі этап конкурсу прадстаўляў сабой праходжанне маршрутаў з выкананнем практычных заданняў.

Конкурс выдаўся дастаткова складаным і адначасова цікавым, карысным, практыкаарыентаваным. Вынік каманды Прынёманскага рэгіёна парадаваў і ўдзельнікаў, і ўсіх, хто дапамагаў ім пры падрыхтоўцы да іспытаў, суправаджаў, маральна падтрымліваў у час выпрабаванняў.

У катэгорыі “Вопытныя карыстальнікі” не было роўных нашаму земляку Віталію Крэйдзічу, які адзначаны рэспубліканскім дыпломам І ступені, дыпломы ІІ ступені заваявалі прадстаўнікі Гродзенскай вобласці Эльвіра Бахарава і Яўген Паплаўскі. У катэгорыі  “Пачатковыя карыстальнікі” на другім месцы аказалася яшчэ адна прадстаўніца гродзенскай каманды Лідзія Сідлярэвіч. Спецыяліст па сацыяльнай рабоце Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Валерый Буднік увайшоў у лік лепшых у рэспубліцы спецыялістаў па элементарнай рэабілітацыі, якія падрыхтавалі да конкурсу прызёраў у групе “Пачынаючыя”.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga