Сёлета споўнілася 128 гадоў з дня нараджэння Ігната Сымонавіча Дварчаніна, выдатнага паэта, бліскучага майстра перакладу, аўтара ўзорных літаратуразнаўчых прац, палітыка, грамадскага дзеяча.
Ён з’явіўся на свет у вёсцы Погіры (тады Слонімскі павет). Для бацькоў Ігнат быў няпроста адзін з адзінаццаці дзяцей. Яны не без падстаў лічылі яго самым разумным, самым таленавітым. Ігнат на адным подыху прайшоў першыя адукацыйныя ступені ў Дзятлаве. Спачатку пачатковую школу, затым царкоўна-настаўніцкую. Бліскуча вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка. Першым месцам настаўніцкай працы была вёска Хмяльніца на Слонімшчыне.
У дваццацігадовым узросце яго забіраюць у Рускую Імператарскую Армію і ўжо там успрымаюць як здольнага вайскоўца. Праходзіць літаральна пару месяцаў, і Ігнат з падачы камандавання ўліваецца ў рады курсантаў школы прапаршчыкаў. Пасля навучання ён распачаў службу ў запасным палку ў Маскве, яна працягвалася чатыры месяцы. Затым малады вайсковец атрымаў прызначэнне на Заходні фронт. Перад самым накіраваннем яму было прысвоена вайсковае званне “падпаручнік”.
Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў Расіі для вайскоўцаў стала тыповым актыўнае ўцягненне ў палітыку. Ігнат не стаяў у баку. Адразу стаў рабіць палітычныя заявы. Спачатку яго слухалі выключна саслужыўцы. Пасля перадыслакацыі палка ў Мінск стаў выступаць з падобнымі заявамі не толькі сярод вайскоўцаў, але і грамадзянскіх асобаў. Відавочная нацыянальная самасвядомаць, паслядоўная арыентацыя на частку палітычнага спектра, якая знаходзілася злева ад цэнтра, прадвызначылі яго партыйны выбар. Яго можна сфармуляваць так: Беларуская сацыялістычная грамада (БСГ) без усялякіх “але” і “калі”. Аформіўшы сваё сяброўства ў БСГ, ён усур’ёз задумваўся над тым, як умацаваць палітычную вагу БСГ у Паўночна-Заходнім краі. Грунтоўна выказваўся на гэты конт у якасці дэлегата трэцяга з’езда БСГ. Паводзіў сябе як адзін з генератараў ідэй на паседжаннях Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады. Прадэманстраваў наяўнасць уласнай канцэпцыі вырашэння беларускага пытання пры падрыхтоўцы і правядзенні першага Усебеларускага кангрэса. Кангрэс быў адметны для Ігната Сымонавіча абраннем у пашыраны прэзідыум, адначасовым сяброўствам у ваеннай секцыі і ў рэдкалегіі газеты “Беларуская Рада”.
Калі 1917 год блізіўся да завяршэння, Ігнат вырашыў паставіць крыж на вайсковай службе. Ён едзе ў расійскі горад Новачаркаск, дзе знаходзіўся тады яго бацька. У Новачаркаску быў афіцыйна зарэгістраваны бежанец Ігнат Сымонавіч Дварчанін. У гэтым статусе ён прабыў два месяцы. Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камісарыята (БНК) Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў бачыў у Ігнату Сымонавічу яскравую постаць, якой можна даручыць самыя адказныя справы. Якраз была вакантная пасада сакратара культурна-асветнага аддзела БНК. Чарвякоў абедзвюма рукамі ўхапіўся за кандыдатуру Дварчаніна для прызначэння на ўзгаданую пасаду. У гэтай якасці Дварчанін шмат чаго зрабіў, і тым самым спраўдзіліся надзеі Чарвякова. Бадай, самае галоўнае са зробленага – гэта падрыхтоўка і правядзенне нарады настаўнікаў школ Беларусі. Нарада праходзіла з 21 па 23 ліпеня 1918 года. Прысутныя з вялікай цікавасцю заслухалі даклад сакратара культурна-асветнага аддзела БНК. Ядро даклада склаў адказ на пытанне: “Што дае грунтоўнае авалодванне беларусазнаўчым комплексам, які ўключае моўны, літаратурны, гістарычны аспекты?” Прамоўца паказаў, што тым самым ствараецца моцная апора для фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў, пераканаўчай праявы іх чалавечай годнасці. Ёсць сэнс прывесці такі фрагмент з даклада: “Школа беларуская павінна атрымаць аўтаномію, дзе поруч з агульнымі заданнямі сацыялістычнай школы павінны быць уведзены асобныя прадметы беларускай мовы, літаратуры і наогул беларусазнаўства. Дзеля таго, каб народ беларускі пазнаў самога сябе і лічыў сябе не нізшым пасярод другіх, а чуў сябе, як роўны з роўнымі”. Дзякуючы выключна намаганням Ігната Сымонавіча ў сталіцы Савецкай Расіі запрацавалі Беларускі народны ўніверсітэт-лекторый, таварыства беларускіх вучоных.
Далей будзе разнастайная беларуская нацыянальна-асветніцкая дзейнасць на Гарадзеншчыне, у Вільні, Дзвінску, Празе. У Празе Дварчанін таксама падрыхтуе і абароніць доктарскую дысертацыю пад назвай “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе”.
Праз год пасля абароны дысертацыі ён зноў апынуўся ў Вільні. Тут два гады выкладаў літаратуру ў беларускай гімназіі. Яго значным унёскам у развіццё беларусазнаўчага комплексу стане выхад з друку Хрэстаматыі новай беларускай літаратуры. Прайшло ўжо 96 гадоў пасля яе выдання. Аднак яна па вялікім рахунку не састарэла. Была, ёсць і застаецца настольнай кнігай для адмыслоўцаў.
Пасля прыбыцця ў Вільню ён уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду (БСРГ). Балюча перажываў разгром БСРГ у 1927 годзе. Польскія ўлады кінулі кіруючы састаў БСРГ за краты. Хтосьці павінен быў працягваць яго справу на волі. І тут Ігнат Сымонавіч апынуўся на першых ролях. Праз год яго абіраюць дэпутатам Сейма Польскай Рэспублікі. Ігнат Дварчанін быў адным з пяці парламентарыяў, якія прадстаўлялі рабоча-сялянскі камітэт “Змаганне”. Была свая логіка ў тым, што ўнутры Сейма з’явіўся Беларускі рабоча-сялянскі клуб “Змаганне”. Гэта структура мела ўсе прыкметы самастойнай фракцыі. Ёсць усе падставы лічыць, што Ігнат Сымонавіч быў нефармальным лідарам дадзенай фракцыі. Выступленні ўраджэнца вёскі Погіры на паседжаннях Сейма ўвайшлі ў класіку прамоўніцкага майстэрства. Ён заганяў у кут прадстаўнікоў праўладных фракцый, робячы аб’ектам крытыкі ўнутраную і знешнюю палітыку польскага ўрада. Ставіў пытанне аб неабходнасці неадкладнага вызвалення палітычных вязняў, аргументавана даказваў, што ігнараванне ўладамі патрабавання самавызначэння Заходняй Беларусі груба супярэчыць Канстытуцыі Польскай Рэспублікі і Рыжскаму мірнаму дагавору. Выразна сфармуляваў тэзіс аб безальтэрнатыўнасці перадачы сялянам зямлі без выкупу. Упарта настойваў на ўводзінах 8-гадзіннага працоўнага дня. Прынцыпова выступаў за існаванне неабмежаваных магчымасцяў для навучання на беларускай мове.
У 1930 годзе ўжо сам Ігнат Дварчанін становіцца палітвязнем. Прысуд быў суровым: восем гадоў зняволення. Але ў 1932 годзе ён легальна накіроўваецца ў Мінск і, натуральна, страчвае статус палітвязня. Адбыўся сіметрычны абмен паміж БССР і Польскай Рэспублікай. Статус палітвязня страчваў чалавек, які да гэтага сядзеў у мінскай турме, а зараз легальна накіроўваўся ў Варшаву.
У Мінску Ігнат Дварчанін з галавой акунуўся ў навуковую працу. Але НКУС неўзабаве абвясціў яго польскім шпіёнам. Гэты слынны сын беларускага народа прайшоў праз два савецкія суды. Першы суд адбыўся ў 1933 годзе, тады прысудзілі 10 гадоў лагераў. А ў 1937 годзе прыгаварылі да вышэйшай меры. Ігната Дварчаніна расстралялі 8 снежня 1937 года. У 1956 годзе ён быў поўнасцю рэабілітаваны.
Гэты таленавіты, яркі чалавек пакінуў пасля сябе вартую ўвагі творчую спадчыну. Вось, напрыклад, пералік газет і часопісаў, дзе друкаваліся яго вершы: “Беларуская рада”, “Вольная Беларусь”, “Дзянніца”, “Наша думка”, “Беларускі звон”, “Маладое жыццё”, “Перавясла”, “Маланка”, “Наш шлях”. Вершы Ігната Дварчаніна – творы высокага грамадзянскага гучання. Тут пастаянна прысутнічае роздум аб лёсах Бацькаўшчыны. Ёсць рукапісны варыянт яго выдатных работ “Ф. Скарына ў адносінах да працоўнага народа”, “3 гісторыі друкаваных выданняў аб Скарыне”, “Спроба апісання бібліяграфіі аб доктары Францішку Скарыне”. Лічу, што даўно настаў час для іх паўнавартаснага надрукавання. Адзначу, што атрымаў сапраўдную асалоду, прачытаўшы паэму А. Блока “Дванаццаць”, перакладзеную на беларускую мову Ігнатам Дварчанінам.
Нямала зроблена нашчадкамі ў плане ўшанавання памяці аб гэтым чалавеку: у Дзятлаве ёсць помнік Ігнату Дварчаніну, у вёсцы Погіры ўсталявана мемарыяльная дошка.
Міхаіл СТРАЛЕЦ,
прафесар, доктар гістарычных навук
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga