Шчодрая восень на святы і песні (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Нават канец верасня-пачатак кастрычніка прадаўжае радаваць нас шчодрым цяплом, яркімі фарбамі і шматлікімі святамі.

1 кастрычніка на календары Дзень пажылых людзей – свята мудрасці і вопыту, аптымізму і надзеі. Напярэдадні яго спецыялісты аддзела народнай творчасці і культурна-дасугавай дзейнасці і самадзейныя артысты Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі для людзей сярэбранага ўзросту канцэрт на адкрытым паветры.

Самыя шчырыя пажаданні моцнага здароўя, шчасця, міру, дабра, бадзёрасці духу прагучалі ад вядучай урачыстасці Алы Чарняўскай. Ад імя маладзейшага пакалення яна дзякавала землякам мудрага ўзросту за многія гады працы, жыццёвы вопыт, які перадаюць моладзі, цёплы клопат аб унуках, маладосць душы, станоўчы прыклад для ўсіх нас.

Яркую паштоўку песенных падарункаў для ўдзельнікаў канцэрта на адкрытым паветры падрыхтавалі Тамара Ступак, Чэслаў Свіб, Сяргей Малышчык, Ала Кучынская, Людміла Хадаркевіч, Алена Касцюк, Таццяна Шостка, народны хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”.

У рамках акцыі “З клопатам аб бяспецы малой радзімы”, скіраванай на людзей пажылога ўзросту, з удзельнікамі свята  правяла прафілактычную размову аб бяспечных паводзінах у побыце, адказала на пытанні і раздала тэматычныя памяткі інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Крысціна Камянецкая.

Усе, хто наведаў мерапрыемства, атрымалі важкі зарад добрага настрою і карысныя парады.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga