Са святам, работнікі лесу! (+відэа)

Важнае Улада

У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава адбылася ўрачыстасць, прысвечаная надыходзячаму прафесійнаму святу – Дню работнікаў лесу.

Калектыў Дзятлаўскага лясгаса прымаў віншаванні, заслужаныя ўзнагароды і музычныя сюрпрызы ад запрошаных гасцей і артыстаў Дзятлаўшчыны.

Словы віншавання і ўдзячнасці на адрас калектыву лясгаса выказаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Паважаныя работнікі лесу! Гэты год юбілейны для вас: сёлета сваё 55-годдзе адзначаеДзятлаўскі лясгас, утвораны некалі на базе трох раёнаў. Каля 52 % тэрыторыі Дзятлаўскага раёна пакрыта лясамі, і ўсё гэта багацце зберагаюць і абслугоўваюць усяго толькі 360 чалавек, якія выконваюць увесь цыкл лясных работ ад вырошчвання саджанцаў з насення да нарыхтоўкі і перапрацоўкі драўніны. Мне асабліва прыемна адзначыць той факт, што Дзятлаўскі лясгас займае лідзіруючыя пазіцыі ў вобласці, а Гродзеншчына – адна з лепшых у рэспубліцы. Хачу выказаць словы ўдзячнасці кіраўніцтву арганізацыі за наша сацыяльнае партнёрства, падзякаваць асабіста Сяргею Віктаравічу за яго пазіцыю як кіраўніка. Жадаю, каб ваша арганізацыя эканамічна квітнела і развівалася, усім яе работнікам — міру і дабра.

Андрэй Уладзіміравіч уручыў высокія раённыя ўзнагароды работнікам арганізацыі. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны вядучы інжынер па лесакарыстанні Ніна Мамедава, інжынер па лесакарыстанні Анастасія Ермаковіч; Падзячным лістом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама – памочнік ляснічага Казлоўшчынскага лясніцтва Дзмітрый Венскі, бухгалтар Наталля Муха.

Цёплыя словы віншавання і ўдзячнасці работнікам Дзятлаўскага лясгаса адрасаваў дырэктар Сяргей Дурко.

– Стала добрай традыцыяй у трэцюю нядзелю верасня адзначаць работу тых, чыімі рукамі ствараюцца, захоўваюцца і памнажаюцца багацці нашай краіны. Сёння лес аб’ядноўвае людзей розных прафесій, менавіта ў гэтым залог устойлівасці і росквіту нашай арганізацыі. Зберагчы і з розумам скарыстаць прыроднае багацце – няпростая задача, якая ляжыць на плячах усіх тых, хто звязаў жыццё з лясной гаспадаркай. Асаблівую ўдзячнасць хачу выказаць вам, ветэраны лясной галіны. Ваш бясцэнны вопыт дазваляе эфектыўна працаваць і не дапускаць памылак. Дзякуй кіраўнікам арганізацый, з якімі мы цесна супрацоўнічаем і можам разлічваць на падтрымку. За 55 гадоў у Дзятлаўскім лясгасе змянілася многае дзякуючы маім папярэднікам — Васілю Трафімавічу Бондару, Вячаславу Сільвестравічу Ерамейчыку, Аляксандру Міхайлавічу Ківулю, якія ўнеслі свой уклад, зрабілі фундамент і стварылі спрыяльныя ўмовы для паспяховай работы сучаснікаў. Мы не спыняемся на дасягнутым, працягваем усе разам укладваць свае сілы для росквіту нашай Беларусі. Віншую ўсіх са святам, жадаю моцнага здароўя, мірнага неба і дабрабыту, – адзначыў Сяргей Віктаравіч.

Ён уручыў Ганаровыя граматы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь начальніку бюро па ахове працы Анатолю Францішчыку, егеру Аляксандру Касачу. Падзяка Міністра лясной гаспадаркі была аб’яўлена намесніку галоўнага бухгалтара Але Гліністай. Ганаровымі граматамі Гродзенскага ДВЛА былі адзначаны машыніст лесанарыхтоўчай машыны лесапункта Віктар Ёда, вадзіцель аўтамабіля на вывазцы лесу Аляксандр Каско, інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ларыса Лабарэвіч; Падзякай генеральнага дырэктара Гродзенскага ДВЛА – бухгалтар Лявонавіцкага лясніцтва Лідзія Грамадская.
На Дошку гонару Гродзенскага ДВЛА занесена імя трактарыста на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Раготнаўскага лясніцтва Ігара Курмана.

З нагоды свята ўзнагароды Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання ўручыла старшыня прафкама Дзятлаўскага лясгаса Алена Свораб.

Ганаровыя граматы Дзятлаўскага лясгаса калегам уручыў галоўны ляснічы Канстанцін Дзісько.

Павіншаваць работнікаў лесу з прафесійным святам прыйшлі кіраўнікі арганізацый, з якімі лясгас супрацоўнічае і падтрымлівае добразычлівыя адносіны – РУП ЖКГ, раённага аддзялення “Белаграпрамбанк”, Дзятлаўскага філіяла прадпрыемства “Гроднааблпаліва”, сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, дзіцячай школы мастацтваў.

 

Музычныя падарункі гасцям свята дарылі Ала Чарняўская, Аксана Кашляк, Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Ірына Бакшук, Іван Кашко, ансамбль “Мара”.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga