Прамаруджвання не павінна быць

Важнае Улада

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў штотыднёвай нарады ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага былі пытанні пачатку навучальнага года, рамонту дарог, жывёлагадоўлі і раслінаводства, перспектываў будаўніцтва жылля і іншыя.

Зімоўка пачынаецца ў верасні

Днямі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама плануе аб’езд сельскагаспадарчых прадпрыемстваў з мэтай кантролю пераводу дойнага статка на стойлавае ўтрыманне.

– Малако – гэта асноўны від таварнай прадукцыі ў гаспадарках, – адзначыў старшыня райвыканкама. – Прадукцыйнасць дойнага статка ў першыя дні стойлавага ўтрымання шмат у чым залежыць ад захавання тэхналогіі пераводу яго на “зімовыя кватэры”. Працэс гэты не аднадзённы. На кантролі спецыялістаў павінен быць рацыён кармлення буйной рагатай жывёлы.

Андрэй Садоўскі даручыў супрацоўнікам упраўлення правесці праверку якасці сіласу і камбікорму, назапашаных для кармлення жывёлы.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч абазначыў недахопы ў рабоце свінагадоўчага комплексу ААТ “Граніт-Агра”.

Што датычыцца раслінаводства, народная прыказка “ўвосень – работ восем” нездарма людзьмі прыдумана. Згодна з планам гаспадаркі павінны завяршыць сяўбу азімых культур да 30 верасня, ворыва – да 20-га. “Жукоўшчына”, “Дварэц-Агра” і “Хвінявічы” пачалі капаць бульбу. З транспартам для вывазу ўраджаю другога хлеба гаспадаркам дапамогуць прадпрыемствы раёна.

У КСУП “Жукоўшчына” і ААТ “Дварэц-Агра” неабходна пачынаць масавую ўборку кукурузы, паколькі тут яе пасеяны вялікія плошчы.

– Прамаруджвання не павінна быць, інакш складана будзе ўбраць у тэрмін, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Пастаўлены ў час нарады былі задачы па падрыхтоўцы плошчаў пад сяўбу льну, на наступным тыдні – па ўборцы грачыхі. На кантролі – гаспадаркі, якія пакуль маюць адставанне ў вядзенні восеньскіх палявых работ.

Гудуць суседзі

Мінулы тыдзень ратаўнікі актыўна вялі барацьбу з джаланоснымі насякомымі на прысядзібных участках дзятлаўчан, ажыццявілі 15 выездаў для ліквідацыі гнёздаў восаў і шэршняў. Увогуле па рэспубліцы з пачатку года супрацоўнікамі МНС здзейснена 5,5 тысячы выездаў на ліквідацыю гнёздаў джаланосных насякомых. Пры гэтым пік актыўнасці іх выпадае на жнівень-верасень.

Укусы восаў, шэршняў не проста непрыемныя і хваравітыя – яны могуць стаць прычынай моцнай алергічнай рэакцыі. Маментальны анафілактычны шок і смерць – такая трагедыя здарылася з жыхаркай Талочына пасля нападу восаў падчас сельскагаспадарчых работ на прысядзібным участку. Таму ратаўнікі рэкамендуюць адразу адмовіцца ад ідэі мірна суіснаваць з насякомымі. Сумняваецеся ў сваіх сілах самастойна справіцца з імі – звярніцеся па дапамогу да прафесіяналаў.

На бягучым тыдні супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС прадоўжаць прафілактычную работу і маніторынгі прадпрыемстваў АПК, вадаёмаў, прымуць удзел у рабоце назіральных камісій.

Іншыя тэмы коратка

6 верасня пройдзе святочнае мерапрыемства да Дня стварэння Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Будзе арганізавана прэзентацыя асноўных напрамкаў дзейнасці раённай моладзевай арганізацыі, ушанаванне актыву.

****

На базе Новаяльнянскай сярэдняй школы 8 верасня адбудзецца грамадска-палітычны форум “17 граняў адзінства”, ініцыіраваны РГА “Белая Русь” і прымеркаваны да Дня народнага адзінства. Дыялогавая пляцоўка аб’яднае членаў “Белай Русі” Дзятлаўскага і Навагрудскага раёнаў.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga