Пазнаючы Дзятлаўшчыну, адкрый для сябе Прынёманне

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

20 верасня Гродзенскай вобласці – 79 гадоў.

Экскурс у гісторыю

Больш за тры чвэрці стагоддзя мінула з той пары, калі ў Беларусі адбыліся вялікія тэрытарыяльныя змены: 20 верасня 1944 года ў састаў Гродзенскай вобласці ўвайшло 6 раёнаў былой Беластоцкай, 8 раёнаў – Баранавіцкай і адзін – Брэсцкай абласцей. Кіруючыя органы ствараліся практычна з нуля, іх узначалілі ўчарашнія франтавікі, партызаны і падпольшчыкі. Такі быў пункт адліку. Закіпела напружаная штодзённая праца: за лічаныя гады ўдалося аднавіць і пабудаваць звыш 350 прамысловых прадпрыемстваў. А да 1950 года на Гродзеншчыне былі створаны новыя галіны – тэкстыльная, харчовая і сельскагаспадарчага машынабудавання.

Цяжэй за ўсё ў пасляваенныя гады аднаўлялася сельская гаспадарка. Аднак, нягледзячы на ўсе складанасці, у 1953 годзе пасяўныя плошчы асноўных сельскагаспадарчых культур дасягнулі даваеннага ўзроўню. У дадатак пагалоўе буйной рагатай жывёлы перавысіла даваенную планку.

Дзятлаўскі раён. Гісторыя станаўлення

Дзятлаўскі раён 15 студзеня 1940 года быў у саставе Баранавіцкай вобласці з цэнтрам у гарадскім пасёлку Дзятлава. 4 мая 1945 года Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР цэнтр раёна перанесены з гарпасёлка Дзятлава ў гарпасёлак Наваельня.

8 студзеня 1954 года Дзятлаўскі раён быў уключаны ў састаў Гродзенскай вобласці.

Адбываліся тэрытарыяльныя змены і ўнутры раёна. 20 студзеня 1960 года ў сувязі са скасаваннем Казлоўшчынскага раёна ў састаў Дзятлаўскага перададзены Гярбелевіцкі, Мяляхавіцкі, Падвялікаўскі, Раготнаўскі, Рудаяварскі сельскія саветы і гарадскі пасёлак Казлоўшчына. 29 студзеня таго ж года Рудаяварскі сельсавет перададзены ў састаў Жалудоцкага раёна рашэннем аблвыканкама. Вернуты ў састаў Дзятлаўскага раёна 17 красавіка 1962 года.

1962 год зноў стаў часам пераменаў. 25 снежня Дзятлаўскі раён быў скасаваны, яго тэрыторыя ўключана ў састаў Лідскага, Навагрудскага і Слонімскага раёнаў.

Лідскаму раёну перададзены Нагародавіцкі і Стрэльскі сельсаветы.

Навагрудскаму – Данілавіцкі, Дварэцкі, Навасёлкаўскі, Ахонаўскі сельсаветы і гарпасёлак Наваельня. Слонімскаму – Гярбелевіцкі, Дзямянавіцкі, Дзятлаўскі, Мяляхавіцкі, Падвялікаўскі, Парэцкі, Раготнаўскі, Рудаяварскі, Юравіцкі сельсаветы, гарадскія пасёлкі Дзятлава і Казлоўшчына.

6 студзеня 1965 года Дзятлаўскі раён зноў адноўлены.

У 1990 годзе гарадскому пасёлку Дзятлава быў прысвоены статус горада.

Вытворча-тэхнічны патэнцыял раёна

Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”

Дзятлаўскі сыраробны завод быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1945 годзе на невялікай пляцоўцы ў 100 квадратных метраў на ўскраіне горада. Колькасць работнікаў завода складала 10 чалавек, з прадукцыі выраблялася толькі масла. У 1949 годзе была наладжана вытворчасць па выпуску масла, марожанага, натуральнамалочнай і кісламалочнай прадукцыі. З 1969 года сталі выпускаць сыр, кефір, малако, смятану.

ААТ “Дварэцкі льнозавод

Гісторыя завода вядзе адлік з 1954 года. Менавіта тады была ўведзена ў строй першая паточная лінія па выпрацоўцы льновалакна. Сёння завод лічыцца адным з найбуйнейшых у краіне. Сыравінная зона вырошчвання лёну складае 3000 гектараў, знаходзіцца на тэрыторыі Навагрудскага, Слонімскага, Дзятлаўскага раёнаў. Механізаваны атрад, абсталяваны сучаснымі сродкамі механізацыі, своечасова і аператыўна папаўняе запасы сыравіны для вытворчасці. У машынна-трактарным парку маецца больш за 100 адзінак спецыяльнай, грузавой тэхнікі, агрэгатаў.

ААТ Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод Алгонь

У кастрычніку 1966 года вінны цэх Дзятлаўскага райпрамкамбіната быў пераведзены ў гарпасёлак Казлоўшчына, дзе на месцы былой арцелі “Прагрэс” пачалося будаўніцтва Дзятлаўскага вінзавода.

Першую прадукцыю завод выпусціў у маі 1971 года. У 1987 годзе Дзятлаўскі вінаробны завод быў перайменаваны ў Дзятлаўскі харчовы камбінат. У гэты перыяд на заводзе быў засвоены выпуск карамелі, бульбяных чыпсаў, яблычнага воцату, соку яблычнага канцэнтраванага, лікёра-гарэлачных вырабаў. У 1992 годзе вытворчасць вінаў пладовых аднаўляецца, і ў 1996 годзе харчкамбінат перайменаваны ў Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод.

У 2015 годзе да яго былі далучаны Парэцкі спіртзавод і цэнтр ведамаснага гандлю, створана ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”.

Дарэчы, спіртзавод быў пабудаваны ў 1908 годзе. Да 1939 года належаў польскаму памешчыку Яну Стравінскаму. Пасля верасня 1939 года завод быў нацыяналізаваны. Падчас акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі спіртзавод не працаваў і аднавіў сваю дзейнасць пасля вайны.

ААТ Дзятлаўская сельгастэхніка

У 1944 годзе была арганізавана Дзятлаўская машынна-трактарная станцыя, якая размяшчалася ў гарпасёлку Дзятлава, а ў вёсцы Міроўшчына быў размешчаны конна-пракатны пункт, у функцыі якога ўваходзіла таксама аказанне дапамогі насельніцтву ў правядзенні палявых работ. Знаходзілася яна ў былым панскім маёнтку, і ёй была адведзена роля маяка тэхнічнага прагрэсу сельскагаспадарчай вытворчасці раёна. Трактароў, іншых сельгасагрэгатаў прамысловасць выпускала ў той час мала (у раён іх траплялі лічаныя адзінкі), і было вырашана сканцэнтраваць тэхніку ў МТС, праз дапамогу якой актыўна садзейнічаць умацаванню толькі што арганізаваных сельгасарцеляў.

З 1946 года ў вёску Міроўшчына пераведзена машынна-трактарная станцыя, якая аб’ядналася з конна-пракатным пунктам. 31 сакавіка 1959 года на базе МТС арганізавана рамонтна-тэхнічная станцыя. У 1960-м – рамонтна-тэхнічная меліярацыйная станцыя. Злучыўшыся з Казлоўшчынскай РТС у 1961 годзе, МТС перайменавана ў сельгастэхніку.

У 1968 годзе прадпрыемства перайшло на спецыялізацыю па вырабе нестандартызаванага абсталявання і сантэхнічных нарыхтовак для жывёлагадоўчых фермаў Гродзенскай вобласці.

Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства

Першае сельскае спажывецкае таварыства ў Дзятлаўскім раёне ўтварылася ў 1940 годзе ў Стралецкім сельсавеце. Крыху пазней, у 1944-1945 гадах, з’явіліся Новаяльнянскае, Дварэцкае, Ахонаўскае, Раготнаўскае сяльпо.

Дзятлаўскі райспажыўсаюз быў утвораны ў 1945 годзе ў адпаведнасці з рашэннем агульнага сходу заснавальнікаў на аснове аб’яднання яго членамі маёмасных паявых узносаў для гандлёвай, нарыхтоўчай, вытворчай і іншай дзейнасці.

Санаторый “Радон”

У 1983 годзе па замове “Белмежколхозздравницы” пачалося будаўніцтва першай чаргі санаторыя “Радон”. Праз 10 гадоў, 20 лістапада 1993 года, адбылося яго адкрыццё.

У лютым 1989 года пачалося будаўніцтва дзіцячага аздараўленчага лагера “Баравічок”, у якім прынялі долевы ўдзел калектыўныя гаспадаркі, прадпрыемствы і арганізацыі Дзятлаўскага раёна. 17 ліпеня 1991 года лагер прыняў першых адпачывальнікаў.

Падрыхтавала  Ірына КАМАРОВА



Теги: