Незабыўны верасень 1939-га. (працяг)

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На вызваленай тэрыторыі Заходняй Беларусі ў гарадах ствараліся часовыя ўпраўленні, у вёсках — сялянскія камітэты.

Іх арганізатарамі і актыўнымі членамі сталі былыя члены КПЗБ, Грамады і камсамольцы. У Дзятлаве старшынёй камітэта выбраны Браніслаў Іванавіч Ленка, а членамі — Канстанцін Кашко, Уладзімір Кашко з Засецця, Мікалай Герус з Ахонава і інш.

Часовыя ўпраўленні і сялянскія камітэты займаліся пытаннямі палітычнага, культурнага і гаспадарчага жыцця. Цесна звязаныя з народам, яны з’яўляліся органамі новай народнай улады на месцах. Сялянскія камітэты неадкладна прыступілі да падзелу панскай зямлі, раздавалі беднаце памешчыцкіх кароў і коней.

У Дзятлаўскім раёне 41 памешчык меў больш 33 тыс. га. зямлі, 50 асаднікаў валодалі 1670 га. Акрамя таго, духавенства мела больш тысячы гектараў зямлі. Зямлю раздзялілі паміж парабкамі, беззямельнымі і малазямельнымі сялянскімі дварамі.

Панскі маёнтак у Янаўшчыне

Была праведзена нацыяналізацыя прамысловых прадпрыемстваў. На Дзятлаўшчыне на той час меліся 5 паравых лесапільных заводаў, 3 электрастанцыі, 33 млыны, 5 цагельных, 5 кафельных, вапнавы, вінакурны, спіртавы заводы, швейная арцель. Узначалілі гэтыя прадпрыемствы былыя рабочыя.

Маёнтак у Міроўшчыне
Панскі маёнтак у Накрыжках

Сялянскія камітэты ўзнаўлялі на Дзятлаўшчыне работу пошты, школ, аптэк, бальніц. Пры польскай уладзе на тэрыторыі раёна не мелася ніводнай дзяржаўнай лячэбнай установы, лячэнне было прыватным і дарагім. За 6 месяцаў Савецкай улады ў Дзятлаве адкрыліся бальніцы на 40 ложкаў, інфекцыйная бальніца на 35 ложкаў, зубалячэбная амбулаторыя, у в. Накрышкі — бальніца на 25 ложкаў, у г. п. Наваельня — урачэбны і зубалячэбны пункты, у в. Дварэц — лячэбны, а ў в. Ахонава — фельчарскі пункты. У 1941 г. у Дзятлаўскім раёне працавалі 4 бальніцы на 230 ложкаў, 4 аптэкі, 4 фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыя, у якіх аказвалі людзям дапамогу 11 урачоў, 3 фельчары, 6 акушэрак, 13 медсясцёр, 18 санітарак.

Упершыню ў нашым краі адкрыліся беларускія школы, бібліятэкі. Да 1939 г. з 50 школ, размешчаных на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, толькі 8 займалі дзяржаўныя памяшканні, астатнія 42 працавалі ў наёмных памяшканнях. За першыя паўгода існавання Савецкай ўлады ў раёне было адкрыта 25 новых школ. На канец сакавіка 1940 г. на Дзятлаўшчыне налічвалася 76 школ, дзе вучылася 6738 дзяцей, што ў два з лішнім разы перавышала колькасць вучняў пры польскай уладзе. Перад вайной у раёне дзейнічалі 87 пачатковых, 4 сямігадовыя і 2 сярэднія школы, 3 клубы, 2 бібліятэкі і 15 хат-чытальняў.

У студзені 1940 г. пасля новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў Заходняй Беларусі былыя члены КПЗБ выбраны старшынямі і сакратарамі сельскіх Саветаў. Сярод іх М. В. Барысевіч — старшыня Падвялікаўскага сельсавета, К. Г. Сцяпура — Накрышскага, М. А. Шундрык — Юравіцкага, К. I. Ленка — Засецкага, М. I. Пруцік — Таркачоўскага, I. А. Хрышчановіч — Гезгалаўскага сельсаветаў і інш. Усе яны выхадцы з працоўнага народа, выбраныя народам.

За гэты перыяд арганізавана 4 калгасы: у в. Ліжэйкі — калгас імя Сталіна, які аб’ядноўваў 73 сялянскія двары; у вёсках Гірычы, Труханавічы і былым панскім маёнтку Міроўшчына — калгас імя Варашылава, які аб’ядноўваў 109 сялянскіх двароў. У 1940 г. створана 8 калгасаў, у 1941 — 3. У іх уваходзілі 682 сялянскія двары.

У сакавіку 1940 г. створана машынна-трактарная станцыя (МТС), якая размяшчалася ў былым маёнтку Жукоўшчына. Ужо ў першы год свайго існавання калгасы дабіліся ў сельскагаспадарчай вытворчасці высокіх, па тым часе, вынікаў. Так, для ўдзелу ва Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўцы ў Маскву ў 1941 г. былі накіраваны прадстаўнікі пяці гаспадарак Дзятлаўскага раёна: з калгасаў «Бальшавік» і «17 верасня» Ахонаўскага, імя Леніна — Дварэцкага, «Камунар» — Азяранскага, «1-е Мая» — Таркачоўскага сельсаветаў.

Перадавікамі калгаснага руху, нястомнымі працаўнікамі, якія паказвалі прыклад у працы, былі: брыгадзір першай паляводчай брыгады калгаса «Балынавік» Васіль Мартынавіч Герус, калгасніцы калгаса «17 верасня» Марыя Вікенцьеўна Рэдзька, Вольга Мікалаеўна Сапега, брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Камунар» Іван Якаўлевіч Салаш, калгасніца калгаса імя Леніна Дар’я Максімаўна Губко і інш.

Па матэрыялах кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”
Падрыхтаваны установай культуры “Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: