Юрый Бялятка: “Прайсці перарэгістрацыю было проста”

Галоўнае Спорт і турызм

У студзені 2023 года набыў сілу ўказ Прэзідэнта № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”, які патрабуе ад уладальнікаў аграэкасядзібаў, якія плануюць надалей развіваць сваю дзейнасць, атрымаць адпаведны дазвол.

Гаспадар аграсядзібы “Родник” у вёсцы Кашкалы Юрый Бялятка адзін з першых у нашым раёне прайшоў перарэгістрацыю. Ён расказаў, як гэта было і ці лёгка заставацца гаспадаром свайго маленькага турбізнесу.

– Юрый Вацлававіч, колькі гадоў вашай аграэкасядзібе, як рашыліся яе перарэгістраваць?

– Будаўніцтва комплексу я пачаў у 2015 годзе на месцы бацькоўскай хаты, паступова набыў праз інтэрнэт суседні ўчастак і пашырыў тэрыторыю і зарэгістраваў прыватную справу. З таго часу сёлета першая перарэгістрацыя. Аб тым, што яе трэба прайсці, мне паведамілі спецыялісты сектара спорту і турызму райвыканкама, усё растлумачылі.

– Ці складанай аказалася працэдура?

– Усё аказалася даволі проста, без лішняй валакіты. Трэба было прадаставіць дакументы на права ўласнасці на нерухомасць і зямельны ўчастак, прайсці праверку пажарнай, санітарнай і іншых камісій, інспекцыі аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. У час праверкі праблем не ўзнікла, увесь працэс разам з заборам вады на аналіз заняў каля тыдня. Мне было проста, бо заўжды трымаю дакументы і ўчастак у парадку.

– Самі спраўляецеся ці нехта дапамагае?

– Пераважна адзін: кожны вечар пасля работы і ў выхадныя дні я тут. Дапамагае і падтрымлівае сям’я, а калі не паспяваю самастойна пакасіць траву на ўчастку, наймаю па аб’яве людзей, якія аказваюць паслугі па касьбе.

–   Чым прывабліваеце турыстаў?

– Найперш – цікавай каларытнай прыродай: тут прыгожае возера, чыстая крыніца, з якой б’е ключавая вада, яна і дала назву аграсядзібе, можна проста пагуляць у лесе або па-за беразе ці схадзіць па грыбы. Мы гатовы прымаць гасцей у любую пару года для любых нагодаў, як невялікія кампаніі, так і мерапрыемствы да 50 чалавек. Для гэтага маем абсталяваны гасцявы домік з банкетнай залай, лазню, арэлі, альтанкі, мангалы, летні і зімовы спартыўны інвентар, вуды для аматараў парыбачыць.

– Хто наведвае аграсядзібу?

– Найчасцей сюды прыязджаюць жыхары раёна адпачыць на прыродзе сям’ёй, кампаніямі, ладзяць вяселлі, святы, карпаратывы, прыязджаюць на рыбалку. Бываюць турысты і з іншых гарадоў Беларусі, расказваюць сябрам і тыя таксама цікавяцца. Найлепшы вынік маіх старанняў – гэта станоўчыя водгукі ад гасцей аграэкасядзібы аб месцы і адпачынку.

– Што параіце рабіць тым гаспадарам, хто толькі рашаецца “акунуцца” ў агратурбізнес? Ці варта пачынаць?

– Усё атрымаецца, калі гатовы шмат працаваць і пастаянна займацца гэтай справай. Яны могуць набыць домік, укласці грошы на старце і нават зарэгістраваць сядзібу. Але без пастаяннага догляду хатка будзе проста стаяць і не прынясе ні прыбытку, ні задавальнення.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga