Дзятлаўчане далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Дэлегацыя Дзятлаўшчыны паўдзельнічала ў патрыятычным аўтапрабегу і мітынгу каля падножжа помніка савецкім пагранічнікам у Гродне, перадала прадстаўнікам грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі” сцяг свайго рэгіёна, які зойме пачэснае месца ў Мінску на Алеі адзінства.

Старт рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства-2023” быў дадзены 7 верасня ў Дзяржынску. Акцыя гэтага года мае некалькі адметных рысаў: з 7 па 16 верасня аб’яднанне “Патрыёты Беларусі” наведвае розныя гарады, якія з’яўляюцца цэнтрамі адзінства кожнай вобласці.

У час урачыстай цырымоніі адбываецца перадача сцягоў кожнага раёна і вобласці, вынікам чаго стане адзінства ў сталіцы нашай краіны. У кожнага наведвальніка новай алеі будзе магчымасць убачыць сцяг любога раёна, вобласці і Мінска, а адсканіраваўшы QR-код, даведацца цікавыя факты аб абраным рэгіёне Беларусі. У праграму мерапрыемстваў уваходзяць аўтапрабегі, канцэртныя праграмы, дыялогавыя пляцоўкі з дэбатамі.

Галоўная мэта акцыі сёлета, падкрэслілі ў РГА “Патрыёты Беларусі”, – кансалідацыя грамадзянскай супольнасці ў адзінай ідэі міру і стварэння пад сімваламі рэгіёнаў. А таксама садзейнічанне выражэнню ідэнтычнасці кожнага асобнага рэгіёна краіны ў адзінай суцэльнай самабытнасці ўсёй Беларусі.

9 верасня патрыятычная акцыя “Сімвал адзінства-2023” прыбыла ў Гродна ў саставе прадстаўнікоў ад кожнага раёна вобласці, дзе адбыўся ўрачысты мітынг і цырымонія перадачы сцягоў.

Павітала ўдзельнікаў аўтапрабегу і акцыі, нагадала гістарычны сэнс надыходзячага свята намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Сцепаненка:

– Невыпадкова акцыя “Сімвал адзінства” прымеркавана да Дня народнага адзінства, які ў 2021 годзе абвешчаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь дзяржаўным святам нароўні з такімі датамі, як Дзень Незалежнасці і Дзень Перамогі. Дзень народнага адзінства – гэта несумненна акт гістарычнай справядлівасці ў адносінах да беларускага народа, які ў межах Рыжскага мірнага дагавора быў раз’яднаны. Дзякуючы свайму ўз’яднанню ў 1939 годзе наша Беларусь змагла выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць сваё пачэснае месца ў сусветнай супольнасці, стаць адной з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Актывісты аб’яднання “Патрыёты Беларусі” ў падарунак уручылі Гродзеншчыне выяву сімвалічнай карты, дзе пазначаны ўсе раёны, якія зоймуць пачэснае месца на Алеі адзінства.

Пасля ўрачыстай перадачы сцягоў удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да помніка савецкім пагранічнікам.
Дзятлаўчанкі, якія наведалі Гродна з патрыятычнай місіяй, падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Таццяна Нікіпорчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”:

– Як сапраўдная беларуска, я заўсёды адчуваю пачуццё гонару за сваю краіну і свой народ і разумею, што нясу пэўную адказнасць за сучаснасць і будучыню нашай Беларусі. Стараюся прымаць удзел ва ўсіх патрыятычных акцыях, каб сваім асабістым прыкладам паказаць стаўленне да гісторыі Айчыны і яе культурнай спадчыны. Сёння мы з моладдзю раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Сімвал адзінства-2023″, якая адбылася ў Гродне. Яшчэ раз пераканалася, што патрыятызм – гэта вечная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае розныя пакаленні, а моладзь сёння – гэта рэзерв беларускага грамадства, ад яе залежыць будучыня нашай краіны.
Для выканання гэтай важнай місіі маладыя людзі павінны быць патрыётамі, паважаць сваю гісторыю, культуру і традыцыі. Менавіта таму нам неабходна ўключаць нашых маладых людзей у актыўную стваральную працу на карысць Радзімы, ставіць перад імі правільныя грамадзянскія і маральныя арыенціры.
Карына Папко, настаўніца англійскай мовы Круцілавіцкай сярэдняй школы:

– У такой акцыі я прымала ўдзел упершыню, была вельмі ўражана маштабам. Вельмі шмат адзінадумцаў сабралася тут для таго, каб чарговы раз выказаць словы любові да сваёй краіны і пашаны да гераічнага мінулага сваіх продкаў. Рада, што таксама стала часцінкай гэтага мерапрыемства. Усё было прыгожа, уразіла як сама падзея, так і музычныя нумары: гродзенцы прынялі нас на вышэйшым узроўні. Пачынаецца тыдзень, які папярэднічае дзяржаўнаму святу – Дню народнага адзінства, і мы з вучнямі Круцілавіцкай школы будзем прымаць актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga