Дзень Парэцкага сельскага савета

Важнае Улада

Сустрэча з парадкам дня “Аб рабоце Парэцкага сельвыканкама і сельскага Савета дэпутатаў па развіцці сацыяльнай сферы і добраўпарадкаванні населеных пунктаў” адбылася пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага з удзелам старшыняў сельскіх выканаўчых камітэтаў Дзятлаўшчыны.

З тэмай прысутных азнаёміў старшыня Парэцкага сельвыканкама Аляксандр Ядэйка. Расказаў, што тэрыторыя сельсавета складае 278,73 кіламетра квадратнага. Тут размешчана 27 населеных пунктаў, у якіх пражывае 1144 жыхары: ва ўзросце да 15 гадоў – 105 чалавек, працаздольных – 646, інвалідаў – 38, пенсіянераў – 393, з іх 33 адзінокія і 197, якія жывуць адзінока. Налічваецца 616 асабістых гаспадарак, усяго 1011 домаўладанняў, незаселеных – 395.

Самыя буйныя населеныя пункты – аграгарадок Хвінявічы (464 жыхары), вёскі Руда Яварская (187), Парэчча (154). У 9 населеных пунктах жыве 5 чалавек і менш.

На жаль, дэмаграфічная сітуацыя ў сельсавеце мае адмоўную дынаміку. У 2022 годзе нарадзілася 4 дзіцяці, памерла 20 грамадзян, з пачатку бягучага года нарадзілася 4, памерла 25.

У Парэцкі сельскі Савет абрана 11 дэпутатаў. Яго рабочы орган, выканаўчы камітэт, складаюць 7 чалавек, за кожным замацавана сфера дзейнасці.

У інфраструктуру сельсавета ўваходзяць: КСУП “Хвінявічы” і яго структурныя падраздзяленні; вытворчы ўчастак “Парэцкі спіртавы завод” ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Хвінявіцкая сярэдняя школа (86 навучэнцаў, з якіх 19 – дашкольнікі), сельская бібліятэка-клуб, Рудаяварскае і Дзямянаўскае лясніцтвы. Ёсць цэрквы Святых дабраверных князёў Барыса і Глеба ў Накрышках, прападобнага Сергія Раданежскага ў Дзямянаўцах, Святога Міхаіла Архістраціга і касцёл Святой Юзэфы ў Рудзе Яварскай. Гандлёвае абслугоўванне насельніцтва ажыццяўляюць 3 стацыянарныя магазіны спажыўкааперацыі і столькі ж прыватных, паводле графіка працуюць аўталаўкі.

У населеных пунктах Хвінявічы, Дубраўка, Дзямянаўцы, Руда Яварская і Вялікая Воля знаходзяцца 6 помнікаў землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ёсць 12 магіл-адзіночак, усе замацаваны за мяцовымі арганізацыямі.

Медыцынскае абслугоўванне жыхароў сельсавета забяспечваюць амбулаторыя, дзе працуе 7 чалавек. Таксама функцыянуе Рудаяварскі ФАП, дзе ёць медыцынская сястра і малодшы медыцынскі работнік.

Штогод са сродкаў фонду сацыяльнай абароны фінансуецца аплата 2 работнікаў па добраўпарадкаванні тэрыторыі сельсавета, занятых уборкай несанкцыянаваных звалак, выкошваннем травяністай расліннасці на могілках, каля пустых дамоў і ўздоўж цэнтральных вуліц населеных пунктаў, высечкай хмызняку, уборкай смецця пасля зносу дамоў, праводзяцца і суботнікі па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў і могілак (іх усяго 18), у якіх прымаюць удзел работнікі мясцовых установаў.

У першым паўгоддзі праведзены работы па выдаленні хмызняковай расліннасці і выраўноўванні зямель у вёсцы Аляксандравічы (5,3 гектара), добраўпарадкавана тэрыторыя пасля зносу 2 дамоў па вуліцы Леніна ў Хвінявічах, на што затрачана 3000 рублёў з бюджэту сельвыканкама.

Сувязным звяном паміж жыхарамі населеных пунктаў, сельсаветам і выканкамам з’яўляюцца 20 вясковых старастаў з найбольш актыўных мясцовых жыхароў. Грамадскімі фарміраваннямі праводзіцца вялікая прафілактычная работа з ненадзейнымі сем’ямі, сямейнымі скандалістамі, асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі. У дамах ненадзейных і шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, складаюцца акты абследавання, заўвагі знаходзяцца на кантролі. На тэрыторыі  сельскага савета ў 2022 годзе адбылося 2 пажары, у бягучым годзе – ніводнага. Домаўладанні катэгараваных грамадзян абследаваны на 100 %.

У час пасяджэння было абмеркавана пытанне, ці ведаюць вяскоўцы раёна, з якім гукам працуюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі з вывадам на фасад, закранулі і тэму работы па ўказе № 116 з нежылымі дамамі і захаванасці маёмасці ў домаўладаннях, якія засталіся ў спадчыну.

Другая частка сустрэчы была прысвечана азнаямленню з аб’ектамі добраўпарадкання. Прысутныя наведалі парк аграгарадка Хвінявічы, дзе пакладзена новая пешаходная дарожка, 2 магазіны – “Родны Кут” і прыватнай формы ўласнасці, школу, дзе аб рамонтных работах пры падрыхтоўцы да новага навучальнага года расказала дырэктар Святлана Цілігузава, агледзелі тэрыторыю пасля зносу 2 струхнелых дамоў і выдалення хмызнякоў, дзе цяпер з’явілася прыгожая сажалка, пабывалі на аграсядзібе Івана Ёды ў Накрышках і на адметна добраўпарадкаваным падворку жыхара Дзямянаўцаў Анатоля Бабіча, а таксама ў аўчарні КСУП “Хвінявічы”.

– Сёлета праведзена 4 дні сельскіх саветаў, і гэты апошні ў сезоне, – падвёў вынікі сустрэчы Аляксандр Бараноўскі. – У наступным годзе традыцыю прадоўжым. Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі навядзенне парадку, акцэнт на тое, як вяскоўцы ствараюць прыгажосць сваімі рукамі, бо іх карысныя ініцыятывы дастойны рэкламавання. Вядома ж, імкнёмся, каб нежылыя дамы набывалі дачнікі за невялікія грошы і ператваралі ў добраўпарадкаваныя сядзібы. Лічу, што дні сельсаветаў матывуюць і прадстаўнікоў органаў мясцовага самакіравання, і насельніцтва, а таму ўсім дзякую за работу.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: