Аграэкатурызм: новыя правілы – новыя задумкі

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Як памятаем, у кастрычніку 2022 года быў падпісаны указ № 351 “Аб развіцці аграэкатурызму”.

Нарматыўны дакумент прынёс у сферу пэўныя змяненні, галоўнае з якіх – прынцып работы аграэкасядзібаў замест паведамляльнага стаў дазвольным. І каб сядзіба магла функцыянаваць, яе ўладальніку неабходна было сёлета да 1 ліпеня падаць заяву і атрымаць дазвол ад мясцовых органаў улады.

Як паказала практыка, новаўвядзенне дапамагло выключыць магчымасць весці гасцінічны або рэстаранны бізнес пад выглядам агратурызму, паспрыяла павышэнню якасці аказваемых паслугаў.

Як прайшлі перарэгістрацыю і працуюць па-новаму, расказалі гаспадары аграэкасядзібы з вёскі Накрышкі Іван і Ганна Ёды.

– У нас яшчэ поўным ходам ідуць будаўнічыя работы і рэканструкцыя. Пасля іх завяршэння плануем рабіць ухіл на гістарычную каштоўнасць гэтага месца (раней тут была сядзіба ўпраўляючага магнатаў Стравінскіх), на наяўнасць вадаёма. Летам мяркуем ладзіць веладарожку, зімой – лыжную сцяжынку, недалёка ад нас знаходзіцца прыгожая Барысаглебская царква, якую таксама могуць наведаць адпачывальнікі. Яшчэ збіраемся здзіўляць сваіх гасцей уласнай пасекай і прадуктамі пчалярства, будуем апіхатку. Гэта домік, у ніжняй частцы якога знаходзяцца вуллі з пчоламі, ёсць ляжанка, самі насякомыя ўнутр памяшкання не залятаюць, таму наведвальнікам няма чаго хвалявацца, затое можна спакойна адпачыць пад гудзенне крылатых працаўніц. Лічыцца, што біярытмы пчол дабратворна ўплываюць на стан чалавека. Будзе ў нас на ўчастку і ўласны агарод для разнастайвання харчавання адпачывальнікаў. Задумак шмат, ёсць жаданне развівацца і ўдасканальвацца ў сферы агратурызму. Увогуле ж на Гродзеншчыне шмат гістарычных мясцін, па якіх пры жаданні можна арганізаваць маршруты для наведвальнікаў нашай аграэкасядзібы, таму з упэўненасцю магу сказаць, што сумаваць ім тут не давядзецца.

Даведка

Як сведчаць лічбы статыстыкі, у Гродзенскай вобласці функцыянуюць звыш 230 аграэкасядзібаў, 18 з іх – новыя. Гаспадары яшчэ 111 падобных аб’ектаў, якія прадастаўлялі паслугі аграэкабізнесу да ўступлення ў сілу указа № 351, перайшлі ў іншыя юрыдычныя формы вядзення справы, разумеючы, што іх сядзібы не адпавядаюць новым правілам.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga