Дзятлаўчане, якія наведалі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі ў Зэльве, падзяліліся сваімі ўражаннямі аб святочных мерапрыемствах.
Андрэй Лежань, галоўны аграном СГФ “АграМілк”:
– Выдатнае свята. Такое, якое збліжае людзей, горад і вёску, дае магчымасць людзям адпачыць пасля напружанай уборачнай кампаніі. Арганізатарам дзякуй, ім удалося стварыць душэўную, цёплую атмасферу. Асабіста ў мяне эмоцыі зашкальваюць. Ад таго, што адбывалася ў горадзе і ад узнагароды Міністэрства сельскай гаспадаркі, якую атрымаў на галоўнай сцэне ўрачыстасці. Лічу, што гэта не толькі ацэнка работы, але і аванс на будучыню. Пастараюся апраўдаць.
Анатоль Марук, трактарыст-машыніст КСУП “Хвінявічы”:
– Мы ўмеем працаваць, прычым адказна, з душой. А калі зроблена справа, і святкуем смела! На свяце за сваю працу атрымаў чарговую ўзнагароду. Хвалююча было падымацца на сцэну, але вельмі прыемна, што мая праца і любоў да роднай зямлі не засталіся незаўважанымі.
Што тычыцца гарпасёлка Зэльва, то скажу адно: добры! Нічым не горшы за сталіцу!
Вераніка Кажала, галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама:
– Можна бачыць, як змянілася Зэльва, як радуюцца мясцовыя жыхары і госці свята. Народ гуляе на вуліцах, весяліцца, пануе дружалюбная атмасфера – усё выдатна. Я таксама праніклася атмасферай свята: наведала канцэрты і тэматычныя пляцоўкі, паспрабавала народную кухню, зрабіла шмат фотаздымкаў на памяць і набыла сувеніры. Дадому вярнуся з цёплымі ўспамінамі аб “Дажынках” і морам яркіх уражанняў.
Валянціна Гнаінская, майстар па пляценні паясоў:
– Люблю “Дажынкі”, заўсёды з вялікім задавальненнем прымаю ў іх удзел. Неаднойчы былі на святах з работамі нашых народных умельцаў: тканымі ручнікамі і посцілкамі, вышытымі сурвэткамі і паясамі, керамічнымі лазовымі вырабамі. Прыемна, што так шмат гасцей на нашым падворку, усе цікавяцца, некаторыя жадаюць набыць работы. Спадабаўся цэнтр абласных “Дажынак”: прыгожы пасёлак, цудоўнае свята, прыбраныя людзі сёння тут. Вялікае дзякуй арганізатарам за тое, што зладзілі мерапрыемства, працаўнікі вёскі заслужылі яго.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga