Падпольшчыца Надзея Сніціч з Зачэпіч

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Нядаўна ў музей звярнулася Наталля, прадстаўнік Беларускай натарыяльнай палаты.

Яна паведаміла, што ў нашым музеі, па словах сваякоў, знаходзяцца матэрыялы пра Надзею Піліпаўну Кажамячанка, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны была падпольшчыцай. І прыслала на электронны носьбіт фотаздымак са стэнда, дзе было сказана, што дзяўчына марыла стаць юрыстам, да вайны працавала ў Лідскім народным судзе; калі пачалася вайна, суд эвакуіраваўся, супрацоўнікі даехалі да Смаленска, але вымушаны былі вярнуцца. Надзея вярнулася ў родную вёску, уключылася ў работу падпольнай камсамольскай групы, якую ўзначальваў яе брат Мікалай Сніціч. Моладзь вяла тлумачальную работу сярод мясцовага насельніцтва.

У 1942 годзе Надзеі даручылі ўзначаліць падпольную камсамольскую арганізацыю. Моладзь згодна з заданнем партызан збірала зброю, выводзіла са строю тэлефонную сувязь на дарогах Дзятлава-Наваельня, Дзятлава-Ліда, у “рэйкавай вайне” маладыя людзі былі праваднікамі падрыўнікоў.

У снежні 1942 года ў роднай вёсцы Надзеі здарылася трагедыя. Фашысты арганізавалі карную экспедыцыю, пачалі паліць хаты, арыштоўваць сем’і партызан і падпольшчыкаў. Пасля гэтай трагедыі маладыя людзі пайшлі ў партызанскі атрад, дзе і ваявалі да ліпеня 1944 года, пакуль партызаны не злучыліся з часцямі рэгулярнай Чырвонай Арміі.

Захавальнік музея Ірына Станіславаўна Якаўчык  была ў водпуску, але я звязалася з ёй, спытала пра падпольшчыцу Надзею Піліпаўну Кажамячанка. Яна не ведала такога прозвішча, але параіла пашукаць іншых падпольшчыц і партызан, зверыць іх дзявочыя прозвішчы. Так мы і знайшлі Надзею Сніціч, дзяўчыну з Зачэпіч, дзе ў гады вайны дзейнічала падпольная камсамольская група.

У архівах музея знайшлі ўспаміны Надзеі Сніціч пра тыя ваенныя дні. Яна піша: “ У ліпені 1941 года ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна была створана падпольная камсамольская арганізацыя. Узначальваў яе Сніціч Мікалай Піліпавіч, 1920 года нараджэння, ураджэнец вёскі Зачэпічы. Вясной 1942 года ён пайшоў у партызанскі атрад “Барацьба” і там быў начальнікам асобага аддзела. Загінуў Сніціч 14 ліпеня 1944 пры затрыманні групы нямецкіх афіцэраў, якія адступалі.

Членамі Зачэпіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі былі:

  1. Сніціч Надзея Піліпаўна (цяпер Кажамячанка, жыве ў г.п. Камянец Брэсцкай вобласці, вуліца Паўднёвая, 31);
  2. Ланцэвіч Сцяпан Лук’янавіч (цяпер працуе ў калгасе “Расія” Дзятлаўскага раёна);
  3. Місарэвіч Мікалай Еўдакімавіч (жыве ў г.Лідзе, працуе на абутковай фабрыцы, змяніў прозвішча, зараз Лебедзеў);
  4. Грос Уладзімір Міхайлавіч (загінуў у баі каля вёскі Нясілавічы Дзятлаўскага раёна);
  5. Калодка Фёдар Андрэевіч (жыве ў г.п. Дзятлава, працуе бухгалтарам райспажыўтаварыства);
  6. Валюк Сцяпан Паўлавіч (жыве ў вёсцы Зачэпічы Дзятлаўскага раёна, працуе ў канторы імя Кірава).

Усе заданні зачэпіцкая падпольная камсамольская арганізацыя атрымлівала ад Дзятлаўскага падпольнага райкама камсамола. Важнейшай справай камсамольскага падполля была дапамога партызанскім атрадам у разгроме ворага. Камсамольцамі праводзілася разведвальная работа, удакладнялася інфармацыя па ахове чыгункі, каб партызаны маглі ўзрываць варожыя эшалоны з жывой сілай і тэхнікай ворага, якія рухаліся на фронт. Знішчаліся слупы тэлефоннай сувязі па дарозе Дзятлава-Наваельня. Мы атрымлівалі з партызанскіх атрадаў “Барацьба” і імя Варашылава зводкі Савінфармбюро, якія чыталі на сходах моладзі і сярод насельніцтва вёскі. Распаўсюджвалі лістоўкі. Мною асабіста атрыманы лістоўкі ад камандзіра атрада тав. Глазкова І.М. і аднесены ў Дзятлава. Частка з іх была расклеена на дамах, а частка лістовак была падкінута ў кватэру бурмістра. Аднак ніякіх рэчаў і дакументаў, звязаных з дзейнасцю падпольшчыкаў, у мяне не захавалася.

Што датычыць успамінаў пра майго адзінага брата, хочацца трошкі расказаць падрабязней пра нашу сям’ю. Жыццё наша ў дзяцінстве і юнацтве было горкім і цяжкім. Бацьку нашага забралі на імперыялістычную вайну ў 1914 годзе. Дадому вярнуўся толькі ў 1920-м годзе, меў некалькі раненняў, а ў 1923 годзе памёр. Маці засталася з пяццю дзецьмі, не маючы кавалка хлеба. Пачынаючы з васьмігадовага ўзросту мы ўжо працавалі на сябе ў чужых людзей: то ў падпасках, то на іншых работах. У гады польскай улады скончылі толькі пачатковую школу.

Брат Мікалай быў вельмі здольны да вучобы. Бачачы яго здольнасці і нашу беднасць, настаўніца пачатковай школы вырашыла дапамагчы з платай за навучанне і ўладкавала яго ў сямігадовую школу мястэчка Беліца. Але не правучыўся брат і года, як быў выключаны за тое, што пры вобыску знайшлі на кватэры кнігу на рускай мове.

У 1939 годзе, калі Чырвоная Армія вызваліла Заходнюю Беларусь, брат і я працягнулі вучыцца. У 1940 годзе мы з братам знаходзіліся ў Лідзе. Брат працаваў сакратаром у пракуратуры, а я – справаводам у народным судзе 2-га ўчастка, і абое вучыліся ў вячэрняй школе.

У дзень нападу фашыстаў на Савецкі Саюз, 22 чэрвеня 1941 года, я сустрэлася з братам у дзевяць гадзін раніцы і ён ужо быў са зброяй у руках.

Ён мне сказаў, што ўсіх камсамольцаў у сем гадзін раніцы выклікалі ў райкам камсамола, далі зброю і сказалі вартаваць горад.

Калі фашысты падышлі да горада, выйшаў загад эвакуіравацца ў тыл. Дадому ён вярнуўся толькі ў канцы 1941 года, а вясной 1942 года пайшоў у партызанскі атрад. Брат быў вельмі смелым і рашучым. У партызанскім атрадзе “Барацьба” ён працаваў начальнікам асобага аддзела і другім сакратаром Дзятлаўскага падпольнага райкама камсамола. За мужнасць і адвагу ў адной з баявых аперацый быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Брат загінуў ужо пасля ўз’яднання з Чырвонай Арміяй. Пасля расфарміравання нашага атрада “Барацьба” ён быў пакінуты для работы на вызваленых тэрыторыях і прызначаны першым сакратаром Казлоўшчынскага райкама камсамола. Яму было дадзена заданне знайсці дакументы партызанскага атрада, якія былі закапаны ў лесе, прывезці і здаць органам МДБ, а толькі потым пачынаць работу. Гэта здарылася 14 ліпеня 1944 года. Мой брат узяў з сабой для аховы двух былых партызан і накіраваўся ў лес па дакументы. У лесе ён сустрэўся з групай фашыстаў, якія прабіраліся на захад, вырваўшыся з Мінскага катла. У баі з першымі двума групамі хлопцы перамаглі, а пры сутычцы з трэцяй групай мой брат загінуў.”

Пасля вайны Надзея Сніціч паступіла вучыцца ў Мінскую юрыдычную школу, а ў 1950 годзе стала студэнткай юрыдычнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1955 годзе. Амаль усё працоўнае жыццё прайшло ў Камянцы, яна адпрацавала ў натарыяльнай канторы каля 43 гадоў.

Надзея Піліпаўна з’яўлялася інвалідам Вялікай Айчыннай вайны 2 групы, была ўзнагароджана ордэнамі Айчыннай вайны 2 ступені, ветэран вайны, партызан Беларусі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, медалём “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, юбілейнымі медалямі 20, 25, 30, 40, 50, 60, 65 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і многімі іншымі.

Памерла Надзея Піліпаўна Кажамячанка ў 2013 годзе, пражыўшы амаль 90 гадоў.

Алена АБРАМЧЫК,
старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup