Для выканання даручэння кіраўніка дзяржавы пракуратура Дзятлаўскага раёна пры правядзенні наглядных мерапрыемстваў у гаспадарках аграпрамысловага комплексу раёна асаблівую ўвагу надае пытанням утрымання і захаванасці сельскагаспадарчых жывёл.
Аналіз статыстычнай і аператыўнай інфармацыі сведчыць, што на Дзятлаўшчыне назіраецца рост падзяжу буйной рагатай жывёлы. У І паўгоддзі 2023 года лічба склала 107 % да аналагічнага перыяду 2022 года або 269 галоў (летась – 251). Выяўленыя парушэнні з’яўляюцца следствам безгаспадарлівага стаўлення адказных работнікаў сельгасарганізацый да сваіх абавязкаў і носяць сістэмны характар. Іх наступствамі становяцца зніжэнне вытворчасці малака і мяса, невыкананне Рэспубліканскай праграмы развіцця малочнай галіны, нанясенне шкоды дзяржаве і грамадскім інтарэсам.
На жаль, адказныя асобы некаторых гаспадарак замест забеспячэння належнага харчавання і догляду жывёлы ўтойваюць праблемы, у тым ліку праз скажэнне справаздачнасці. На паперы – становішча спрыяльнае, на справе – падзеж. Нярэдка скажаць лічбы дапамагаюць ветэрынарныя дактары, падаючы ў заключэннях ілжывыя звесткі аб прычынах гібелі.
Скажэнне статыстычнай справаздачнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкіх злачынстваў – крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (артыкул 210 КК РБ), злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (артыкул 424 КК РБ), перавышэння ўлады або службовых паўнамоцтваў (артыкул 426 КК РБ) – кваліфікуецца як “службовая падробка”, а гэта таксама крымінальнае злачынства, прадугледжанае артыкулам 427 КК РБ.
З пачатку 2023 года пракурорам раёна па фактах унясення заведама лжывых звестак у афіцыйныя дакументы аб падзяжы БРЖ узбуджаны 2 крымінальныя справы.
Якімі б матывамі ні кіраваліся адказныя работнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, за службовую падробку беларускім заканадаўствам вызначана адказнасць да пазбаўлення волі да 3 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю.
Так, пракуратурай раёна падтрымана дзяржаўнае абвінавачанне па крымінальнай справе на двух работнікаў гаспадаркі, якім інкрымінавана ўчыненне службовай падробкі, а таксама на яшчэ аднаго адказнага спецыяліста, якому інкрымінавана арганізацыя службовай падробкі. Следствам устаноўлена, што ў студзені-снежні 2022 года абвінавачаныя работнікі пад кіраўніцтвам галоўнага ветэрынарнага доктара прадпрыемства ўнеслі ў штомесячныя справаздачы свядома лжывыя звесткі і запісы аб руху пагалоўя жывёлы, наўмысна занізіўшы колькасць загінулай БРЖ на 90 галоў.
Каб схаваць нястачу, па папярэдняй змове былі аформлены таварна-транспартныя накладныя аб фіктыўным пераводзе з малочнатаварнага комплексу на ферму 90 галоў маладняку. Суд Дзятлаўскага раёна па справе вынес абвінавачвальны прысуд.
Акрамя таго, з пачатку 2023 года па іску пракурора судом Дзятлаўскага раёна з 5 адказных работнікаў на карысць сельгаспрадпрыемства спагнаны ўрон на суму 5172,55 рубля.
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga