Вы – сапраўдныя (+відэа)

Галоўнае Улада

Так Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ахарактарызаваў беларускіх жанчын, занятых у сельскай гаспадарцы.

Тых прыгажуняў, якія не толькі натхнялі сваіх мужчын на подзвігі ў бітве за ўраджай, але і самі прымалі актыўны ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2023 года, адзначылі высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі.

З прыемнай місіяй у Дзятлава прыбылі намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гракун, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ірына Баранцэвіч, старшыня Гродзенскай абласной прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Рамуальд Юроўскі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Сцепаненка, спецыяльны карэспандэнт Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Святлана Башылава.

Па добрай традыцыі на Дзятлаўшчыне дарагіх гасцей сустрэлі песнямі і караваямі з мукі новага ўраджаю.

Са словамі прывітання да віноўніц урачыстасці, працавітых жанчын нашага раёна, звярнуўся старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

– Вельмі прыемна, што Дзятлаўшчыне выпаў гонар прымаць рэспубліканскую акцыю-шанаванне “Жанчына на жніве”. Зусім нядаўна мы адзначылі раённыя “Дажынкі”, у час якіх узнагародзілі перадавікоў уборачнай кампаніі, зараз мы маем унікальную магчымасць выказаць словы ўдзячнасці і адзначыць працу жанчын у гэтай нялёгкай справе. Не за рулём камбайна ці сельгасмашыны, але нароўні з мужчынамі раёна вы здабывалі вынік на жніве. Віншую вас з заканчэннем уборачнай кампаніі і шчыра дзякую за ўклад у агульны каравай, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч.

Да словаў віншавання далучыўся першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:

– Дзякуючы вам, паважаныя працаўніцы вёскі, мужчыны раёна могуць дасягнуць большых вышыняў, чым яны нават уяўляюць. Бо гледзячы, як вы працуеце ад золку да  вечара, яны проста абавязаны не адставаць. Дзякуй вашым працавітым рукам, якія клапаціліся пра смачныя абеды, лічылі, узважвалі збожжа, даглядалі нашы прыгожыя ўрадлівыя палі. Дабрабыту і шчасця вам і вашым сем’ям!

Уручаючы ўзнагароды, намеснік міністра Уладзімір Гракун выказаў шчырыя словы на адрас нашых працаўніц:

– Кожны год мы праводзім акцыю “Жанчыны на жніве”. Прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва паспяхова рэалізуюць сябе кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, брыгадзірамі, аграномамі, працуюць на складах, зернятоках, клапоцяцца аб харчаванні механізатараў і захаванні ўраджаю. Без вас, шаноўныя, мы б не справіліся. Ваш пасільны ўклад у справу ўборкі робіць вялікі вынік для краіны. Сабраны дастойны ўраджай дазволіць нам цалкам выканаць дзяржзаказ – пакласці 800 тысяч тон збожжа ў засекі краіны, будзе засыпаны фонд насення, забяспечана работа перапрацоўчай прамысловасці, застанецца пэўны аб’ём камбікармоў для патрэбаў жывёлагадоўлі, а значыць, атрымання мяса-малочнай прадукцыі, што павысіць экспартны патэнцыял Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь загадчыцы цэнтральнага склада ААТ “Дварэц-Агра” Алене Кець, Падзякі Міністра сельскай гаспадаркі і харчавання –  галоўнаму аграному ААТ “Граніт-Агра” Алене Майсейчык, брыгадзіру вытворчай брыгады ў раслінаводстве ААТ “Граніт-Агра” Іне Грыцкевіч.

Да віншаванняў далучыўся Рамуальд Юроўскі, які адзначыў Граматамі прэзідыума Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу членаў галіновага прафсаюза – дыспетчара КСУП  “Хвінявічы” Алену Пазняк, кладаўшчыка КСУП “Жукоўшчына” Святлану Календа і повара сталовай КСУП “Жукоўшчына” Юлію Памбухчан.

Ірына Сцепаненка падзякавала за працу сваім паплечніцам, удзельніцам “Беларускага саюза жанчын”, працаўніцам, матулям, захавальніцам хатняга ачага, якія ў 1941 годзе разам з мужчынамі трымалі абарону краіны і сёння нязменна стаяць на варце харчовай бяспекі Беларусі.

Ірына Браніславаўна пажадала дзятлаўчанкам міру не толькі ў роднай краіне, а і спакою, дабрабыту ў кожным доме і кожнай сям’і.

Яна ўручыла сімвал грамадскага аб’яднання – васілёк і падарункі ад арганізацыі таварышкам раённага аб’яднання “Беларускага саюза жанчын” – загадчыцы зернясклада СГФ “АграМілк” Людміле Чапукойць і брыгадзіру ў раслінаводстве ТАА “РоданАграПол” Ірыне Руткоўскай.

Жанчыны падзякавалі старшыні раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзіміру Казаку, які на ўласным вопыце ведае і цэніць работу аграрыяў.

На нефармальнай сустрэчы карэспандэнт Святлана Башылава знайшла не толькі цёплыя словы і трапныя характарыстыкі, узяла бліц-інтэрв’ю ў кожнай з гераіняў свята і нават выйшла з імі ў прамы эфір, але і сама прывезла памятныя падарункі ад Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Святлана Канстанцінаўна ўручыла іх галоўнаму эканамісту, старшыні прафсаюзнага камітэта КСУП “Войневічы” Вользе Сухецкай і загадчыцы зернясклада ТАА “РоданАгра” Людміле Бараноўскай.

Не менш прыемным сюрпрызам для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства сталі добрыя песні ад Дварэцкага народнага песеннага калектыву “Мара” і музычныя эцюды скрыпачкі Алены Кашко.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga