Да 5 верасня ў нашай рэспубліцы доўжыцца дабрачынная моладзевая акцыя ГА “БРСМ” “У школу з “Добрым Сэрцам”.
Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, на Дзятлаўшчыне таксама арганізаваны збор канцылярскіх і спартыўных рэчаў, абутку, вопраткі і ўсяго неабходнага для падрыхтоўкі да новага навучальнага года дзяцей, якія гадуюцца ў шматдзетных, няпоўных, маламаёмасных сем’ях або трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю ці знаходзяцца ў дзіцячых інтэрнатных установах.
Разам са старшынёй раённага савета ГА “БРПА” Ірынай Мішчанка моладзевы лідар Дзятлаўшчыны, піянеры і валанцёры атрадаў “Добрае Сэрца” прайшлі са скрынямі для збору школьных рэчаў па магазінах райцэнтра, дзе наладжаны гандаль такімі таварамі. Многія пакупнікі з задавальненнем зрабілі свой уклад у добрыю справу ў форме падараваных сшыткаў, алоўкаў, фарбаў і іншага.
Аказаць дапамогу да новага навучальнага года дзецям раёна, якія маюць у гэтым патрэбу, можа кожны жадаючы. Усё сабранае будзе перададзена адрасатам і зробіць іх школьнае жыццё больш яркім, цікавым, прыемным. Далучайцеся!
Пункт збору рэчаў знаходзіцца ў офісе раённага моладзевага аб’яднання па адрасе: г. Дзятлава, вул. Леніна, 18 (будынак райвыканкама), кабінет 313.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga