У СГФ “АграМілк” узнагародзілі перадавікоў жніва

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Механізатараў і вадзіцеляў, якія дасягнулі значных поспехаў на сёлетнім жніве, павіталі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, СГФ “АграМілк”, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік.   

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка павіншаваў хлебаробаў з першай тысячай тон новага ўраджаю, пажадаў падвоіць, а магчыма, і патроіць вынік. Дыпломы, кветкі і грашовыя сертыфікаты аграрыям уручылі дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык, старшыня прафсаюзнага камітэта Аліна Заяц, начальнік філіяла СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч.

 

Першым экіпажам-“тысячнікам” на жніве-2023 стала каманда ў саставе двух сяброў, жыхароў Раклевічаў – камбайнера Руслана Міклаша і памочніка Віктара Ёды. На камбайне-пераможцы “Лексіён-580” Руслан Аляксандравіч працуе пяты сезон, да гэтага дзесяцігоддзе кіраваў іншай збожжаўборачнай тэхнікай. Уборачная кампанія яшчэ падбіраецца да палавіны, а значыць, ён можа значна палепшыць свой вынік. Калі скончыцца жніво, механізатар зноў перасядзе за руль трактара МТЗ-1523, на якім выконвае розныя віды сельгасработ.

 

 

– Убіраць хлеб – не дасягненне, а звычайная, не самая простая, але вельмі важная праца, – кажа механізатар. – Да таго ж яна дастойна аплачваецца.

Віктар Віктаравіч 17 уборачных кампаній адпрацаваў тут на гэтым “Лексіёне”, а потым памяняў сельскую гаспадарку на лясную, дзе з’яўляецца вадзіцелем лесанарыхтоўчай тэхнікі. Але кожнае лета ён бярэ адпачынак, каб у сезон вярнуцца працаваць на жніве на родным камбайне. У СГФ “АграМілк” бухгалтарам працуе яго жонка Алена Ёда, якая з’яўляецца старшынёй цэхавага камітэта арганізацыі.

– Ганаруся мужам, які 25 гадоў прысвяціў сельскай гаспадарцы, на жніве – заўсёды ў перадавіках, дома шмат грамат і ўзнагародаў за выніковую працу, – расказвае жанчына. – Рада, што і цяпер ён не забывае родную гаспадарку.

Раней за ўсіх у раёне тысячнага рубяжа дасягнуў вадзіцель Арцём Бандарэнка, на яго рахунку ўжо паўтары тысячы тон перавезенага збожжа. Гэты сезон – восьмы для Арцёма Аляксандравіча і не менш паспяховы, чым папярэднія. Работа яму падабаецца, машына не падводзіць: з пачатку кампаніі ён ужо аб’ездзіў практычна ўсе землі філіяла. Зразумела, што з такім непастаянным надвор’ем і рабочы дзень ненармаваны, але гэта не засмучае аграрыя. Ён кажа, што любіць сваю работу і ведае, за што працуе. Сям’я ганарыцца татам і падтрымлівае яго: васьмігадовая Анастасія і пяцігадовы Максім з задавальненнем наведваюць тату на жніве, каб падзівіцца на сельскагаспадарчую тэхніку.

– Сын ужо цяпер кажа, што будзе камбайнерам ці машыністам, – усміхаецца мужчына.

Таксама больш за тысячу тон перавёз адзін з самых вопытных вадзіцеляў Віктар Матук: у гэтым годзе спаўняецца 45 гадоў яго бесперапыннага стажу ў сельскай гаспадарцы. Працуе ён таксама на МАЗе з прычэпам, машына новенькая, ёй няма яшчэ двух гадоў.

– Ужо вазіў рапс, пшаніцу, наперадзе яшчэ нямала работы, – расказвае Віктар Людвікавіч. – Ураджай сёлета някепскі, цяпер трэба яго беражліва сабраць.

Вадзіцель кажа, што да добрых вынікаў на жніве яго стымулююць не толькі любоў да сваёй справы, але і фінансавы складнік: як летам папрацуеш – так і мець будзеш.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: