1 жніўня ў Дзятлаве пачаў функцыянаваць раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр.
Яго спецыялісты чакаюць наведвальнікаў па адрасе: вул. Леніна, 18, у будынку раённага выканаўчага камітэта пры ўваходзе налева.
У дзень адкрыцця для выхаванцаў дзіцячага сада № 1 горада Дзятлава быў прадстаўлены фрагмент экскурсіі “Дарогамі Дзятлаўшчыны”. Ад экскурсавода Алены Абрамчык маленькія жыхары райцэнтра даведаліся пра слаўныя старонкі гісторыі горада, пабывалі на турыстычных аб’ектах і атрымалі ў падарунак развіваючыя кніжкі “Маё любімае Дзятлава”.
Што сабой уяўляе новая ўстанова, чым яна будзе займацца, з якімі пытаннямі сюды можна звяртацца?
Падрабязна аб значнай для раёна падзеі расказала галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму райвыканкама Наталля Калодка:
– Апошнім часам турызм у Беларусі развіваецца актыўна, і на яго робіцца значная стаўка. Беларусаў цікавяць не толькі гістарычныя аб’екты, але і такія віды турызму, як санаторна-аздараўленчы, экалагічны, гастранамічны і іншыя. Таму гэта пытанне было адпрацавана на ўзроўні дзяржавы. 7 снежня 2022 года апублікавана пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 839 “Аб мерах падтрымкі турыстычнай індустрыі, развіцці ўнутранага і міжнароднага ўязнога турызму”, ёю зацверджана Палажэнне аб парадку і ўмовах стварэння і функцыянавання турыстычных інфармацыйных цэнтраў. Згодна з рашэннем райвыканкама ад 18 мая 2023 года № 300 адна з такіх дзяржаўных установаў, а менавіта Дзятлаўскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр пачала сваю работу ў нас. Асноўнай задачай цэнтра з’яўляецца папулярызацыя ўнутранага і міжнароднага ўязнога турызму, развіццё супрацоўніцтва з суб’ектамі турыстычнай індустрыі і юрыдычнымі асобамі, правядзенне маркетынгавай дзейнасці, рэалізацыя дзяржаўных праграм, папулярызацыя нацыянальнай гісторыі, культуры, народных традыцый. У прыватнасці, будзем прадастаўляць шырокую інфармацыю аб турыстычным патэнцыяле Дзятлаўшчыны, яе мінулым, славутасцях і турыстычных паслугах, якія мы гатовы аказваць гасцям. Падкрэслю, што наш цэнтр не дубліруе работу турагенцтваў і фірмаў, у яго іншыя функцыі. Тут кліенты могуць даведацца аб цікавых мясцінах і маршрутах Дзятлаўшчыны і выбраць на свой густ аптымальны варыянт адпачынку. Мы ставім задачу выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці варыятыўны падыход і прадаўжаць супрацоўніцтва з суб’ектамі туріндустрыі раёна для якаснага забеспячэння турыстаў паслугамі.
Тэму прадоўжыла дырэктар Дзятлаўскага раённага турыстычнага інфармацыйнага цэнтра Дзінара Харошка:
– Мы працуем з 8 да 20 гадзін, выхадны дзень – нядзеля. У саставе калектыву 3 чалавекі: дырэктар і два спецыялісты па турызме – Алена Абрамчык і Алена Маркушэўская. У нас шырока прадстаўлены раздатачны матэрыял – флаеры, лістоўкі, плакаты, буклеты, чэк-ліст маршруту “Дарогамі Дзятлаўшчыны” і іншая паліграфічная прадукцыя. З яе дапамогай наведвальнікі могуць даведацца пра нашы турыстычныя прадукты, такія як “Гід байдарачніка”, “Вандруем па Дзятлаўшчыне (зборнік усіх маршрутаў), “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, “Знаёмцеся, Дзятлава”, “Майстар-клас па ганчарстве”, “Дзеці ліхалецця”, “Экалагічны квэст”. Папулярнымі апошнім часам становяцца экскурсіі для сямейнага адпачынку, у тым ліку з гасцямі. Свае ідэі і навінкі мы будзем размяшчаць і на інфармацыйным шчыце ў горадзе. Збіраемся распрацоўваць графікі экскурсій, каб людзі маглі планаваць свой адпачынак загадзя. У нас можна атрымаць інфармацыю аб аб’ектах харчавання, адпачынку, мерапрыемствах, якія праходзяць у раёне, даведацца тэлефоны экстранных службаў, консульстваў і пасольстваў – адным словам, знайсці ўсё, што можа дапамагчы турысту ў час вандроўкі.
У далейшых планах цэнтра – папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Збіраемся набыць аўдыёгіды для пракату, а таксама – радыёмікрафон для экскурсавода, каб павысіць якасць паслугаў. Важна адзначыць, што экскурсійнае абслугоўванне не з’яўляецца абавязковай задачай цэнтра, аднак нашаму пашчасціла, што ў штаце ёсць атэставаны экскурсавод Алена Абрамчык, і гэта вялікі плюс і перспектыва для развіцця турызму на Дзятлаўшчыне.
На турыстычным патэнцыяле раёна спынілася спецыяліст па турызме ТІЦ Алена Абрамчык:
– Нашы экскурсіі маюць варыянты. Самая змястоўная – гэта аўтобусны тур “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, разлічаны на цэлы дзень, які ўключае прагляд турыстычных аб’ектаў у Дзятлаве, Наваельні, Дварцы, Раготне і іншых. Нядаўна з’явілася магчымасць паглядзець гістарычныя аб’екты, звязаныя з магнацкім родам Стравінскіх – гэта Міроўшчына і Накрышкі. Прадаўжаем супрацоўніцтва і з аграсядзібамі. Шматлікія варыянты даюць турысту магчымасць выбіраць для сябе менавіта тое, што яму цікава і па сілах. Мы актыўна супрацоўнічаем са школамі і арганізацыямі раёна, з цікавасцю заказваюць экскурсіі адпачывальнікі школьных летнікаў і навучэнцы малодшых класаў. Сёлета Дзятлава адзначае 525-годдзе, і мы бачым, як наш горад прыгажэе, становіцца больш зручным і камфортным для жыцця. Нам ёсць чым ганарыцца, бо ў раёна багатая гісторыя, захаваліся старажытныя будынкі, пра якія можна расказваць і адкрываць новыя таямніцы. Землямі гэтымі валодалі Радзівілы, Солтаны, Завішы, Тызенгаўзы. Вялікі плюс, што, дзякуючы турыстычнай дзейнасці, мясцовыя гістарычныя аб’екты добраўпарадкуюцца і становяцца сапраўды прывабнымі. Наш раён невялікі, аднак ён мае багатую і слаўную гісторыю, мы яго любім, ганарымся і гэту любоў імкнёмся перадаць гасцям і турыстам.
Падрабязныя адказы на пытанні аб дзейнасці і задачах цэнтра мы атрымалі, ён адкыты, а таму звяртайцеся і карыстайцеся прапановамі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga