Школьныя тавары: што? дзе? колькі каштуе?

Важнае Грамадства

Згодна з вядомай народнай прыкметай, жнівень – гэта маленькі верасень, калі бацькі школьнікаў і дашкалят актыўна набываюць тавары да новага навучальнага года. 

У райцэнтры сёлета форму і канцылярскія тавары можна купіць у магазінах і на мясцовым рынку. Прапануем здзейсніць разам з намі невялікі шоп-тур па падрыхтоўцы да школы.

Сходу заўважым, што ў надыходзячым навучальным годзе патрабаванні да школьнай формы сталі яшчэ больш прынцыповымі. Кожная школа раёна зацвердзіла сваю колеравую гаму, якой павінны прытрымлівацца ўсе навучэнцы: напрыклад, у гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава гэта цёмна-сіні колер, у Новаяльнянскай сярэдняй школе – чорны з белымі або пастэльных колераў сарочкамі без клеткі і малюнкаў. Усе гандлёвыя аб’екты ў большай ці меншай ступені арыентуюцца на новыя парадкі і прадстаўляюць адпаведную лінейку адзення. Такія тавары можна набыць у магазінах спажывецкага гандлю “Міраж” (секцыя “Марк Фармэль”) і “Родны Кут”, а таксама ў мясцовых прыватных прадпрымальнікаў на гарадскім рынку і ў будынку Дома быту. Прыемна здзіўляе сёлета “Марк Фармэль”, які спецыяльна да навучальнага года выпусціў лінейку школьнага адзення ў цёмна-сініх, шэрых, чорных колерах. Выбраць ёсць з чаго: сарафаны рознага крою, сукенкі, спадніцы, штаны, пінжакі, кашулі і камізэлькі на дзяўчынак; касцюмы, пінжакі, камізэлькі-“падманкі” на хлопчыкаў. Цэны таксама розныя: сукенкі – ад 34 рублёў, штаны – ад 35 рублёў, камплект са спадніцы з блузкай можна сабраць у раёне 50 рублёў, пінжак – каля 40 рублёў.

 

– Літаральна сёння атрымліваем яшчэ новае паступленне школьнага тавару для хлопчыкаў і дзяўчынак, будзе абнаўленне спартыўнай калекцыі, – каменціруе прадавец Марыя Салаш. – Дзятлаўчане ўжо актыўна набываюць адзенне для школы, пераважна, для пачатковых класаў, хоць роставая лінейка тавараў да 164 сантыметраў.

Спартыўнае адзенне – у магазіне ў асартыменце на любы густ, яго таксама ёсць выбар на другім паверсе “Роднага кута”.

Што датычыцца школьнага абутку, найбольш асартымент прадстаўлены ў магазінах прыватнага гандлю.

Канцылярскія тавары.

Іх сапраўды багата як у дзяржаўным, так і прыватным гандлі. Магазіны імкнуцца задаволіць патрэбы не толькі агульнаадукацыйнай школы, але і школ мастацтваў.

Напрыклад, канцылярскія тавары можна набыць у кіёску “Белсаюздрук”, дзе створаны спецыяльны “Куток школьніка”, у якім ёсць сшыткі, дзённікі, вокладкі на іх, фарбы і фламастары, ручкі і простыя алоўкі, шмат іншага. Кошт на самы хадавы тавар: тонкія сшыткі на 12 лістоў у клетку і лінейку – 21 капейка за штуку (праверана: сярэднестатыстычны кошт на гэты тавар па нашым раёне), ёсць ручкі на любы густ ад 45 капеек да 1 рубля, сшыткі на 48 лістоў – да 1 рубля, ёсць лінейкі, каляровыя папера і кардон, іншыя школьныя “радасці”. Дзённік для сярэдняй школы – 2 рублі 34 капейкі.

Прадавец Святлана Ахрамінская адзначае, што попыт на канцылярскія тавары ўжо ёсць, але ажыятажу пакуль не назіраецца. Паступленне тавару адбываецца рэгулярна, таму дэфіцыту не будзе.

У магазіне “Алекс” запэўніваюць, што зрабілі ўсё магчымае, каб забяспечыць школьнікаў усім неабходным да новага навучальнага года і не толькі. І гэта сапраўды атрымалася: па ўсіх пазіцыях прадстаўлена шырокая лінейка тавару рознага кошту і на любы густ. Чэк-ліст магазіна наступны: сшыткі на 12 лістоў – ад 23 капеек, 48 лістоў – ад 70 капеек, 96 лістоў – ад 1 рубля 60  капеек, ручкі – ад 35 капеек, лінейкі – ад 45 капеек, каляровыя алоўкі – ад 2 рублёў 20 капеек. З гэтага года магазін атрымаў ліцэнзію на продаж друкаваных рабочых сшыткаў па прадметах школьнай праграмы. З прыемных бонусаў – скідка 5 % для шматдзетных сем’яў.

Тым, хто лічыць свой хатні бюджэт з асаблівай пільнасцю, варта зазірнуць у павільён “Белбланкавыд” у гандлёва-сэрвісным цэнтры (будынак былой гасцініцы “Ліпічанка”). Ад канцылярскіх тавараў тут, што называецца, вочы разбягаюцца, цэны таксама радуюць. Увага: у магазіне можна набыць сшытак на 12 лістоў за 20 капеек (ёсць нават па сенсацыйным кошце за 7 капеек, такі сшытак наўрад ці задаволіць патрабаванні сучаснай школы, але для чарнавіка, як кажуць, самае яно), просты аловак і шарыкавая ручка – ад 16 капеек, лінейка – ад 20 капеек, фарбы акварэльныя 12 колераў і гуаш 6 колераў – ад 3 рублёў 50 капеек, ластык – ад 30 капеек. А вось на сшыткі 48 і 96 лістоў цэны прыкладна такія ж, як і ў іншых месцах.

Адметна, што па дарозе па канцылярскія тавары ў гандлёвым цэнтры можна зазірнуць у магазін “Падарунак”, дзе вы знойдзеце стыльныя, вытрыманыя ў класічным стылі, ранцы для старшакласнікаў па прыемных коштах – ад 40 да 70 рублёў.

Нарэшце, магазін, які па-народнаму называем “Джэм”, не толькі ў жніўні, але і на працягу года стабільна радуе сваім лаканічным, але поўным наборам канцылярскіх тавараў. Тут можна набыць усё неабходнае не толькі для школы, але і дзіцячага сада, нават спецыяльнае вадкае мыла, дапушчанае для выкарыстання дашкольнікамі згодна з санітарнымі нормамі. А калі нечага не знайшлі, не спяшайцеся пакідаць магазін, спытайце пра наяўнасць тавару ў прадаўцоў і, мяркую, ён ёсць.

– Адчуваецца высокі попыт на канцылярскія тавары для школы, – адзначае загадчыца магазіна Людміла Маркушэўская. – Прыходзяць са спісамі, патрабаванні задавальняем. Адзінае, чаго пакуль не маем на паліцах, дзённікаў для агульнаадукацыйнай школы, якія ўжо з’явіліся на складах пастаўшчыка і ў хуткім часе “прыедуць” да нас.

Спадзяёмся, наш невялікі экскурс у  школьныя тавары дапаможа вам хутка зарыентавацца ў тым, што ёсць на паліцах магазінаў, зрабіць правільны і выгадны выбар.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga