Сенатар Кацярына Серафіновіч правяла выязны прыём грамадзян у Дзятлаве

Важнае Улада

25 жніўня ў памяшканні Дзятлаўскага сельскага савета выязны прыём грамадзян, а таксама прамую тэлефонную лінію правяла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, намеснік дырэктара па друкаваных СМІ рэдакцыі “ЛідаМедыяКампанія” Кацярына Серафіновіч.

Удзел у прыёме прыняў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

На прыём да сенатара запісаліся прадпрымальнікі з Навагрудка, якія працуюць на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна. Муж і жонка расказалі пра свой бізнес – кафэ і магазін тавараў беларускіх брэндаў у гандлёва-забаўляльным цэнтры “Паніква”. Бізнесмены падзяліліся праблемамі, з якімі сутыкнуліся ў апошнія паўгода, папрасілі сенатара дапамагчы абараніцца ад ціску несумленных канкурэнтаў і законным чынам вырашыць пытанне забудовы альтанкі пры кафэ на тэрыторыі санаторыя “Радон”.

Кацярына Адамаўна абмеркавала з заяўнікамі дэталі і абставіны справы, пазнаёмілася з дакументамі і паабяцала даць вычарпальны адказ па праблеме пасля таго, як выслухае ўсіх зацікаўленых асобаў.

Са свайго боку, Аляксандр Бараноўскі параіў прадпрымальнікам звярнуцца ў райвыканкам і паспрабаваць вырашыць пытанне на раённым узроўні.

– Кожны раз, наведваючы Дзятлаўшчыну, упэўніваюся ў тым, што пераважная большасць пытанняў, якія ўзнікаюць у жыхароў раёна, вырашаецца на раённым узроўні, – падвяла вынік прыёму Кацярына Серафіновіч. – Невялікая колькасць зваротаў сведчыць аб эфектыўнай рабоце мясцовай выканаўчай улады. Прыёмы грамадзян у Дзятлаўскім раёне я буду праводзіць і ў далейшым.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga