Родная зямля – карміліца і справа жыцця

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Уборачная кампанія – гарачая пара, калі на час адкладваюцца асабістыя клопаты, а кожны сонечны сухі дзень – працоўны.

Трэба сабраць хлеб – астатняе пачакае.

Таму і не дзіва, што свой юбілейны 45-ы дзень нараджэння механізатар ААТ “Дварэц-Агра” Сяргей Радзюк сустрэў за рулём камбайна. Віншаванні з адметнай датай ад раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і кіраўніцтва прадпрыемства ён прымаў у полі, дзе жаў яравы ячмень.

Дырэктар ААТ “Дварэц-Агра” Аляксандр Лесюкоў пажадаў механізатару моцнага здароўя, поспехаў, дабрабыту і мірнага неба.

Сяргей Радзюк – чалавек працы, хлебароб з вялікім стажам. Ён нарадзіўся і вырас тут, у Дварэцкім сельсавеце, ведае работу ў полі з падлеткавага ўзросту, калі кіраваў трактарам разам са сваім татам, які таксама працаваў механізатарам. Пасля школы свядома выбраў сельскую гаспадарку справай жыцця і ўсё яго прысвяціў зямлі: скончыў прафтэхвучылішча і вярнуўся на малую радзіму. На прадпрыемстве механізатар працуе на трактары МТЗ-1221 на ворыве і іншых сельгасработах, на ўборцы – кіруе камбайнам РСМ-181 вытворчасці “Ростсельмаш”.

– У Сяргея Віктаравіча толькі адзін запіс у працоўнай кніжцы, – расказаў старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, які ў свой час паспеў папрацаваць з ім разам. – Зорак з неба не хапае, але працуе стабільна, надзейна, з любоўю да роднай зямлі. На такіх людзях трымаецца сельская гаспадарка.

Сам імяніннік мае галоўнае пажаданне для сябе і ўсіх аграрыяў Дзятлаўшчыны:

– Сонейка б болей, няхай патрымаецца добрае надвор’е, каб паспелі сабраць хлеб своечасова і з найменшымі стратамі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga