На крылах танца: калі традыцыі адраджаюцца

Важнае Культура і адпачынак

Супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда” сталі ўдзельнікамі балю “Вяргіні да Дня нараджэння Міхала”.

Ён прайшоў у музеі-сядзібе кампазітара Міхаіла Агінскага, аўтара знакамітага паланэза, у аграгарадку Залессе Смаргонскага раёна. Акунуцца ў музычную атмасферу, якая панавала ў гэтым маёнтку пры жыцці кампазітара, атрымаць асалоду ад вытанчанасці і элегантнасці балю ўпершыню ўдалося з дапамогай Анатоля Кардаша, кіраўніка аб’яднання па інтарэсах “ЭлітДанс” Новаяльнянскага дома культуры, арганізатара паездкі і настаўніка групы, якому яны асабліва ўдзячны.

Ці трэба казаць пра тое, колькі працы і вольнага часу прыйшлося выдаткаваць на падрыхтоўку! Развучыць рухі танцаў, а гэта паланэз, контрданс, кацільён, полька-тройка, падрыхтаваць экстравагантнае ўбранне  – вячэрняя сукенка для дамаў і парадны касцюм для кавалераў, і, вядома ж, букет з вяргіняў.

На некалькі гадзін сядзіба і яе госці вярнуліся ў часы эпохі 19 стагоддзя, класічнай жывой музыкі, вытанчаных манер, незвычайных танцаў і забаваў. І нават калі вы не прафесіянал, не ўмееце танцаваць паланэз або вальс, гэтаму можна навучыцца непасрэдна  на балі на майстар-класах, а таксама даведацца больш падрабязна аб самім танцы. У праграму балю ўвайшлі не толькі танцы эпохі Агінскага, але і фуршэт – даўняя бальная традыцыя, выстава букетаў гасцей, экскурсія па сядзібе. Як адзначаюць яе ўдзельнікі, незабыўным стала знаёмства з музычнымі інструментамі 19 стагоддзя, друкаванымі выданнямі таго часу, наведванне галерэі партрэтаў роду Агінскіх, аранжарэі, знакамітага летняга кафэ кампазітара.

Вярнуліся нашы землякі не толькі з масай уражанняў, але і з узнагародай. Кіраўнік клуба “Нам гады не бяда” Галіна Касцюк адзначана дыпломам пераможцы  ў конкурсе “Уся справа ў капелюшы!” у намінацыі “Індывідуальны кветнік. Творчы падыход” і каштоўным падарункам.

Адметна, што на Гродзеншчыне ўсё больш і больш адраджаецца бальная культура і танцавальныя сустрэчы праходзяць на годным узроўні.

Таццяна САНЮК
Фота ўдзельнікаў мерапрыемства

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga