Так можна ахарактарызаваць дзіўны велічны будынак у Дзятлаве – касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
Гэта яркі помнік архітэктуры барока, несумненная дамінанта цэнтральнай часткі горада Дзятлава.
Гэты аб’ект культурна-гістарычнай спадчыны звязаны з імёнамі вядомых гістарычных асобаў – Льва Сапегі, Мікалая Фаўстына Радзівіла, Барбары Францішкі Радзівіл, Удальрыка Радзівіла. Гэтыя факты дазваляюць па праве аднесці будынак да жамчужын беларускай культуры і ганарыцца такой гістарычнай спадчынай. Штогод 15 жніўня касцёл адзначае парафіяльнае свята.
Гісторыя касцёла цікавая і часам таямнічая. Прыкладна ў ХVІ стагоддзі тут з’яўляецца драўляны каталіцкі храм.У першай чвэрці ХVІІ стагоддзя ўладальнікамі Дзятлава стаў Казімір Леў Сапега, сын выдатнага дзяржаўнага дзеяча канцлера Льва Сапегі. Гэты арыстакрат, мецэнат і бібліяфіл быў да таго ж дбайным каталіком, і пакінуў пасля сябе нямала храмаў і манастыроў. Дзякуючы яго намаганням да 1646 года быў пабудаваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Паступова храм напаўняўся іконамі, святымі артэфактамі, афармляліся алтары, з’яўляліся святыя рэліквіі. Нягледзячы на перыпетыі гісторыі, наш храм ніколі не зачыняўся, ён дзейнічаў і дарыў надзею, веру і любоў парафіянам. Наша святыня выстаяла і захавалася ў выдатным стане да сённяшняга дня, з’яўляецца гонарам Дзятлаўшчыны.
Першапачаткова раннебарочны касцёл з рысамі рэнесансу быў капітальна перабудаваны ў стылі “віленскага” барока пасля моцнага пажару 1743 года. Мецэнатам, які ахвяраваў сродкі на рэканструкцыю храма, стаў Мікалай Фаўстын Радзівіл, у той час уладальнік Дзятлава. Архітэктар Аляксандр Асікевіч ажыццявіў ідэю аднаўлення касцёла ў 1751 годзе па малюнках Радзівілаў.
Князь Мікалай Радзівіл праславіўся як на ваеннай, так і дзяржаўнай ніве. Нарадзіўся і памёр ён у Дзятлаве, тут хрышчэнне атрымалі яго дзеці, а ў гонар сына Удальрыка Радзівіла бацька ініцыяваў дастаўку ў касцёл часцінку мошчаў святога Удальрыка, якая захоўваецца ў алтары “Сэрца Ісуса”. Пасля смерці Мікалая Фаўстына Радзівіла работы ў касцёле завяршыла яго жонка Барбара Францішка. Мікалай Фаўстын вельмі любіў Дзятлава, таму завяшчаў пахаваць сваё сэрца ў абноўленай святыні, а цела – у фамільнай пахавальні ў Нясвіжы. Доўгі час гэта гісторыя лічылася легендай. Але ў ліпені 2022 года ў час рэстаўрацыі амбона і картушы са скульптурнай групай “Хрышчэнне” і эпітафіяй Мікалая Фаўстына Радзівіла былі знойдзены два сасуды і дакумент, які пацвярджае факт, што ў іх захоўваюцца сэрцы Мікалая Радзівіла і яго сына Ежыя.
У 1882 годзе касцёл зноў спасціг агонь: з-за пажару нанова рэстаўрыравалі будынак. У ходзе работ памяняўся дах, значныя змяненні зведаў інтэр’ер, у які дадалася ляпніна, якая ўпрыгожвае сем алтароў. З тых часоў унутранае ўбранне касцёла практычна не мянялася.
Цікава ведаць, што з заснавання да сённяшняга дня вядомы імёны ўсіх ксяндзоў – іх было 26. Першую службу ў храме правёў ксёндз Андрэй Пакулей. Кожны са святароў клапаціўся аб развіцці і захаванні храма. Хочацца адзначыць ксяндза Іосіфа Савіцкага, які служыў з 1931 па 1945 год. У гады Вялікай Айчыннай вайны яму ўдалося захаваць святыню ад разграблення. Сёння верай і праўдай нашай святыні служыць ксёндз Здзіслаў Пікула, які штодзённа клапоціцца пра прыгажосць у храме і духоўны рост вернікаў.
Унутранае ўбранне касцёла выклікае вялікую цікавасць, асабліва яго алтары. Усяго іх сем, гэта работа скульптараў ХVIII стагоддзя ў стылі ракако, хоць сам храм – узор стылю “віленскага” барока.
Галоўны цэнтральны алтар двух’ярусны. У ніжнім ярусе чатыры калоны, паміж якімі стаяць скульптуры святых Адальберта і Станіслава. Разны гарэльеф у цэнтры прадстаўлены на фоне аблокаў Бога-Айца ў папскай цыярыі, які трымае перад сабой крыж з распятым Ісусам. У другім ярусе, дэкараваным пілястрамі, карнізамі, кансолямі і вазамі, на воблаку паказана Маці Божая ў кароне. Алтарная кампазіцыя мае працяг на скляпенні ў выглядзе картуш з херувімамі і ўсёвідушчым вокам. Поўныя экспрэсіі шэсць драўляных скульптур святых у галоўным алтары: Войцеха, Станіслава, Міхаіла, Удальрыка, Фаўстына, Георгія.
Злева ад цэнтральнага алтара знаходзіцца алтар святой Марыі Магдаліны – блудніцы, якая раскаялася, паслядоўніцы Ісуса Хрыста, міраносіцы, якая, паводле евангельскага тэксту, ішла за Хрыстом, прысутнічала пры яго распяцці і была першым чалавекам, удастоеным з’яўлення ўваскрослага Ісуса.
Справа – алтар святой Барбары, якая з’яўляецца хрысціянскай вялікапакутніцай. Вернікамі шануецца як абаронца ад раптоўнай і гвалтоўнай смерці.
У аснове чацвёртага алтара знаходзіцца ікона Маці Божай Вастрабрамскай. Гэта адна з самых каштоўных ікон нашага храма. Дата з’яўлення яе ў храме невядомая, але некаторыя вотумы датуюцца ХVІІІ і ХІХ стагоддзем. Маці Божая Вастрабрамская шануецца каталікамі і праваслаўнымі. Лічыцца цудатворнай.
Пяты алтар – Сэрца Ісуса. Найсвяцейшае Сэрца Ісуса Хрыста – асаблівы культ у каталіцкай царкве. Першыя сведчанні яго шанавання як сімвала любові да людзей з’яўляюцца ў XI стагоддзі. У канцы XVII-пачатку XVIII стагоддзя распаўсюджваннем культу святога Сэрца займаліся пераважна езуіты. У нашым касцёле ў алтары знаходзіцца ікона “Ісус, спадзяюся на цябе”. На ёй намаляваны Ісус Хрыстос, які стаіць, апрануты ў доўгую белую туніку. Бласлаўляючы, левай рукой паказвае на сваё прабітае сэрца, з якога зыходзяць два прамяні, адзін з якіх мае чырвоны колер, які сімвалізуе яго кроў, другі прамень мае белы колер, які сімвалізуе ваду.
У шостым алтары знаходзіцца ікона святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца – апекуна войска, адносіцца да XIX стагоддзя. Малюнак Георгія на кані сімвалізуе перамогу над д’яблам – “старажытным зміем”. Крыху ніжэй знаходзіцца скульптура Яна Боско, далучанага да ліку блажэнных 2 чэрвеня 1929 года. Ён лічыцца заступнікам чаляднікаў, рэдактараў і кнігадрукароў, моладзі.
Сёмы алтар прысвечаны святому Яну Непамуцкаму – чэшскаму каталіцкаму святару. Ёсць меркаванне, што ён адмовіўся раскрыць каралю таямніцу споведзі каралевы, духоўнікам якой быў. За гэта яго пасадзілі ў турму, моцна катавалі, а цела скінулі ў мяшку з Карлавага моста ў Влтаву. Паводле падання, у тым самым месцы, дзе цела святога пагрузілася ў Влтаву, над вадой паўстала свячэнне ў выглядзе пяці зорак, з тых часоў Ян Непамуцкі малюецца з пяццю зоркамі над галавой. Ён нябесны заступнік спаведнікаў. Ікона ў сярэбраным убранні – сімвал цудатворнасці. Крыху ніжэй –скульптурныя выявы святога Антонія з немаўлём Ісусам на руках.
Здзіўляе прыгажосцю арганны паверх або хоры. Да яго вядуць дзве вінтавыя лесвіцы, агароджаныя парапетам складанай канфігурацыі, арган, упрыгожаны накладной пазалочанай разьбой.
Каштоўнымі прынята лічыць 14 іконаў з серыі “Дарога крыжовая”, размешчаных у храме, – гэта стацыі шляху Ісуса Хрыста на Галгофу.
Дзятлаўскі касцёл – унікальны помнік архітэктуры, які на працягу сотняў гадоў з’яўляецца цэнтрам духоўнага развіцця, месцам веры.
Каталіцкі храм стаў “героем” кінафільма “Паланэз Агінскага”, знятага рэжысёрам Львом Голубам на кінастудыі “Беларусьфільм” у 1971 годзе.
Некалькі разоў на тэрыторыі касцёла праводзіліся раскопкі прадстаўнікамі Інстытута гісторыі НАН РБ. Надае харызму касцёлу легенда пра падземны ход, які нібыта звязваў яго з палацам Радзівілаў і капліцай. Пацвярджэння на практыцы легенда не знайшла.
Сумеснымі намаганнямі жыхары горада пры падтрымцы раённых уладаў і спонсараў робяць святыню прыгожай, імкнуцца захаваць гісторыка-культурную спадчыну, якая дасталася нам ад папярэднікаў.
Дар’я БУРДУН,
навучэнка 8 класа Гімназіі № 1 горада Дзятлава
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga