Медыцынскае абслугоўванне, стан дарог, работа камунальнай гаспадаркі

Важнае Улада

Гэта галоўныя тэмы, з якімі 23 жніўня на прамую тэлефонную лінію да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сіняка звярнуліся жыхары Дзятлаўскага раёна.

За дзве гадзіны на прамую лінію да Уладзіміра Аляксандравіча патэлефанавалі 6 чалавек.

Жыхарка аграгарадка Дварэц звярнулася з просьбай спілаваць аварыйнае дрэва, якое расце ў суседнім двары і пагражае яе тэрыторыі. Жанчына расказала, што паразуменне з суседзямі па гэтым пытанні знойдзена, згода на дэмантаж дрэва атрымана. У час прыёму дэпутат звязаўся па тэлефоне са старшынёй Дварэцкага сельвыканкама Верай Добыш, якая запэўніла: пры садзейнічанні Дзятлаўскага лясгаса ў бліжэйшы час праблема будзе вырашана.

Наступны званок паступіў з аграгарадка Вензавец, дзе мясцовыя жыхары маюць патрэбу ў пашырэнні спектра медыцынскіх працэдур у фельчарска-акушэрскім пункце. У прыватнасці, жанчыне патрабуецца пастаноўка курса кропельніц, па якія не хочацца ездзіць у раённы цэнтр.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух, якому дэпутат адрасаваў пытанне, растлумачыў, што, годна з пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, такія маніпуляцыі могуць выконвацца толькі пад наглядам доктара, стаўкі якога на ФАПе няма.

Жыхарка вёскі Самойлаўшчына званіла, каб выказаць словы ўдзячнасці раённым уладам і службам за добрае ўтрыманне пад’язных дарог да населенага пункта.

Жыхары вуліцы Кастрычніцкай у Раклевічах у тэлефоннай размове выказалі пажаданне аб яе асфальтаванні. Уладзімір Сіняк высветліў, што вуліца знаходзіцца на балансе СГФ “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”, паабяцаў задаць гэта пытанне дырэктару арганізацыі Вадзіму Худыку.

Камунальнае пытанне непакоіць жыхара Вензаўца, па суседстве з кватэрай якога пустуючае жылое памяшканне, якое знаходзіцца ва ўласнасці Дзятлаўскага РУП ЖКГ. З-за гэтага ў гаспадара жылога памяшкання час ад часу ўзнікаюць праблемы: сырасцю, слабое ацяпленне і іншыя.

На пытанне аб лёсе кватэры дырэктар прадпрыемства Васіль Пяцюк запэўніў дэпутата, што праблема вырашаецца на раённым і нават абласным узроўні: камунальнікі склалі каштарыс затрат на мадэрнізацыю жылля, каб адрамантаваць і ў далейшым перавесці яго ў арэнднае. Як толькі дакументы будуць узгоднены, работы пачнуцца.

Добраўпарадкаванне дарогі праз Лозкі і Сверплевічы, з якой звярнуліся на тэлефонную лінію вяскоўцы, ­– не праблема, а справа, якая будзе вырашана ў планавым парадку. У гэтым дэпутата запэўніў начальнік ДРБУ-119 Дзмітрый Мазоль.

Завяршаючы прамую тэлефонную лінію Уладзімір Сіняк падзякаваў раённым уладам і кіраўнікам арганізацый Дзятлаўшчыны за зладжаную работу, хуткае вырашэнне пытанняў і цывілізаваны, чалавечны падыход да зваротаў дзятлаўчан.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga