Хвіліны душэўнасці. Жыццё пражыць – не поле перайсці

Важнае Культура і адпачынак Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Не стамляюцца дарыць хвіліны душэўнасці землякам шаноўнага веку ўдзельнікі праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

На гэты раз з візітам дабра, радасці і песні да Эдуарда Груды, 90-гадовага юбіляра з вёскі Данілавічы, завіталі артысты Ірына Бакшук і Таццяна Палуносік, да якіх з падарункам ад раённага савета ветэранаў далучылася сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.

Дзень сустрэчы, як на заказ, выдаўся цёплым і сонечным, здавалася, што сама прырода вырашыла аздобіць юбілей Эдуарда Казіміравіча сакавітай зелянінай і яркімі кветкамі, якія расцвілі на клумбах каля дома. Цёплых фарбаў карціне дадалі шчырыя віншаванні для імянінніка, якому госці зычылі актыўнага даўгалецця, бадзёрасці духу, увагі і любові родных, больш ясных бязвоблачных дзён на жыццёвым шляху, міру ў душы і на роднай зямлі. Прыемна парадавала юбіляра і музычнае віншаванне ад артыстаў. Мілагучныя песні дадалі станоўчага настрою і навеялі шмат успамінаў аб былых гадах, а іх пражыта нямала, і ўсе напоўнены падзеямі з сямейнага і працоўнага жыцця, станоўчымі і шчымлівымі перажываннямі, самымі рознымі эмоцыямі.

Нарадзіўся Эдуард Груда ў Данілавічах у ліпені 1933 года, як кажуць, “яшчэ за польскім часам”. З ім у сям’і гадаваліся брат і сястра, бацькі мелі ўласны надзел зямлі ў 9 гектараў. Праўда, шчаслівая пара дзяцінства скончылася для хлопчыка ў 7 гадоў, калі памёр тата, а матулі адной давялося ставіць іх на ногі. Маленькі Эдзік паспеў скончыць 4 класы, а затым яму даверылі каня, гаспадарчыя работы і дамовіліся з мясцовым майстрам, каб вывучыў падлетка на краўца, таму ў школу ён больш не хадзіў.

Цяжкім перыядам, поўным выпрабаванняў для асірацелай сям’і Грудаў, стала Вялікая Айчынная вайна, у час якой матулі неаднойчы даводзілася праяўляць кемлівасць, каб не пакінуць дзяцей галоднымі. Жанчына прыдумвала розныя схованкі для прадуктаў, каб прыпасы не адшукалі і не забралі ворагі, а іх у вёсцы пры акупацыі было нямала. Як прыгадвае Эдуард Казіміравіч, у Данілавічы на той час немцы прывезлі сваіх памагатых – казакоў, некаторыя нават былі з сем’ямі. Акупанты змайстравалі бліндажы, патрулявалі вёску з сабакамі, а для большай абароненасці ад партызан – высякалі прылеглыя лясныя насаджэнні. Нягледзячы на гэта, партызаны ўсё ж наведваліся. Адзін з такіх візітаў добра запомніўся Эдзіку: была зіма і хлопчык слізгаўся на лёдзе. Ён заўважыў, што на хутар да яго дзядзькі-каваля падкаваць коней прыехалі некалькі партызан. Раптам непадалёк паказаўся нямецкі танк, хлопчык бягом кінуўся да сваяка і папярэдзіў аб з’яўленні ворагаў – “госці” паспелі адступіць незаўважанымі. Урэзалася ў памяць і трагічная для вёскі падзея, калі карнікі забілі мясцовага жыхара Казіміра Сёмуху.

Пасля вайны жыццё паступова наладжвалася. Юнаком Эдуард працаваў на цагельным заводзе, гандлёвым складзе, затым быў прызваны ў армію, 3 гады адслужыў у Забайкаллі радыстам, а заадно асвоіў гэту карысную і для мірнага жыцця прафесію. За працоўныя дасягненні ў Эдуарда Казіміравіча ёсць шмат заслужаных узнагародаў. Ён ушанаваны медалём “За працоўную доблесць”, двойчы (у 1979-м і 1980-м гадах) атрымліваў знакі “Пераможца сацыялістычных спаборніцтваў”, з’яўляецца ўдарнікам 9 і 11 пяцігодак. У 1982 годзе электраманцёр сувязі Слонімскага ЭТУС Эдуард Груда быў адзначаны Ганаровай граматай абкама прафсаюза работнікаў сувязі з прысваеннем звання “Лепшы па прафесіі”. У 1989-ым, калі працаваў электраманцёрам райвузла паштовай сувязі, яго імя было занесена на раённую Дошку гонару “за дасягнутыя поспехі ў сацыялістычным спаборніцтве, выкананне задання 3-га года 12-й пяцігодкі, праяўленыя высокую свядомасць, арганізаванасць, дысцыпліну, творчыя адносіны да працы, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”.

Склалася і сямейнае жыццё нашага земляка. Разам з жонкай яны выгадавалі трое дзяцей, цяпер дзядулю радуюць 7 унукаў і столькі ж праўнукаў.

Сваім сакрэтам даўгалецця Эдуард Казіміравіч лічыць здаровы лад жыцця, працавітасць, адсутнасць шкодных звычак. А яшчэ ў яго залатыя рукі: чаго толькі не зрабіў за перажытыя гады для людзей і сям’і – кроіў, шыў, касіў, будаваў, клаў печкі, рабіў бытавыя рэчы з дрэва. Нават у свае шаноўныя 90 доўгажыхар не любіць сядзець без справы і пляце прыгожыя і зручныя кошыкі са шпагату.

Сучаснаму маладому пакаленню Эдуард Груда жадае ўдумліва адносіцца да ўсіх жыццёвых рашэнняў і ўчынкаў, а таксама – дабрабыту, шчасця, мірных дзён.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены сектарам нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga