“Хлебная бітва” студатрадаўцаў

Важнае Грамадства

Сёлетняе надвор’е выпрабоўвае аграрыяў на трываласць: спачатку сушыла чэрвеньская спёка, цяпер мочаць жнівеньскія дажджы, таму ўборачная кампанія ў Беларусі, як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт, стала “сапраўднай бітвай за ўраджай”.

Не скарацца стыхіі, папаўняючы засекі краіны збожжам новага ўраджаю, работнікам аграпрамысловага комплексу дапамагаюць студатрадаўцы. З 25 ліпеня па 26 жніўня ў ААТ “Дварэц-Агра” працуе сельскагаспадарчы атрад “Маяк” імя Іосіфа Філідовіча.

– На КЗСВ-30 у аграгарадку Дварэц задзейнічаны 8 студатрадаўцаў, – расказаў галоўны спецыяліст гаспадаркі Аляксандр Сачык. – Умовы для раслінаводства сёлета, мякка кажучы, не ідэальныя: планы на ўраджай і ўборачную кампанію значна “адкарэкціравала” працяглая спёка, якая змянілася слякотай. Так, летась першым паспеў і быў зжаты рапс, потым збожжавыя, а сёлета ўбіраць іх даводзіцца практычна адначасова. Ураджайнасць някепская, але “лавіць” паміж дажджамі даводзіцца кожную хвіліну, што запавольвае тэмпы. На палях таксама месцамі сустракаюцца няспелыя ўчасткі, пераезды перашкаджаюць увайсці ў актыўную фазу жніва. Зерне даводзіцца больш дасушваць. Падлічылі, што ў ліпені на гэта выкарысталі 15 тысяч кубаметраў газу – непараўнальна больш, чым у мінулыя гады. За ўраджай змагаемся па-гаспадарску: нашы студатрадаўцы накрываюць збожжа плёнкай, каб не мачыў дождж, работы ім дадалося. Аднак у атрадзе большасць вопытных работнікаў, якіх наймаем не першы сезон. Наогул, студатрадаўскі “стаж” спрыяе назапашванню карысных навыкаў, агульнай загартоўцы, часам і прафарыентацыі. Так, механікам у нашу гаспадарку вярнуўся былы студатрадавец Андрэй Спасюк. Іншым нашым маладым работнікам жадаю таксама сумяшчаць карыснае з прыемным, зарабіць грошай і, хаця б некаторым, вярнуцца ў сельскую гаспадарку ўжо ў якасці спецыялістаў.

– У студатрадзе я ўжо 5-ы сезон, – дзеліцца сваімі ўражаннямі ад карыснай занятасці камандзір Ксенія Лагута. – Няхай я не выбрала сельскагаспадарчай спецыяльнасці, аднак навучылася многаму, што спатрэбіцца педагогу, бо з’яўляюся студэнткай 4 курса ГрДУ імя Я. Купалы. Напрыклад, аператыўна прымаць рашэнні ў нестандартных сітуацыях пры рэзкіх зменах надвор’я. Карысным будзе і “камандзірскі” вопыт, які патрабуе прадуктыўных стасункаў, разумення людзей, сяброўскіх узаемаадносінаў. Мы тут практычна аднаго ўзросту, як арганізатар, я выдатна ўяўляю – усё, што патрабую ад іншых, павінна выконваць і сама. Нашы абавязкі не самыя складаныя: шуфляваць, падмятаць, накрываць збожжа ад дажджу, аднак рабіць гэта ў непагадзь даводзіцца вельмі хутка, каб разам з вадой не сплывалі зярняткі і потым не збіраць іх з вялікай тэрыторыі. Сваім сябрам жадаю сілаў і цярпення за работай і ніколі не баяцца цяжкасцяў.

Крыху карацейшы студатрадаўскі вопыт у адзінаццацікласніцы Дварэцкай сярэдняй школы Любові Ляўшук, але і ёй ёсць што расказаць:

– Дапамагаць гаспадарцы мне вельмі падабаецца, бо тут механізатарам шмат гадоў працуе тата Валерый Антонавіч. Яны з мамай у свой час і параілі мне запісацца ў атрад, за што вельмі ўдзячна. Тут я навучылася ўзаемадапамозе, упэўненасці, адказнасці, самастойнасці. Ганаруся, што раблю свой уклад у хлебную справу краіны, нават навіны пра жніво стала часцей глядзець. Хачу, каб і іншыя дзеці паспрабавалі карысную занятасць, якая прыносіць не толькі кішэнныя грошы, але і дазваляе знайсці новых сяброў, загартаваць характар. Сваім равеснікам жадаю ўдачы і зразумець, што іх пасільная дапамога патрэбна бацькам, гаспадарцы, краіне.

Першы год у студатрадзе будучы трэнер па футболе, а цяпер студэнт ГрДУ імя Я. Купалы Аляксей Кастусік. У справах юнак не адстае ад сяброў.

– Бяру прыклад з паспяховых камбайнераў гаспадаркі – свайго таты Вячаслава і дзядзькі Аляксандра, таму стараюся “трымаць марку”. Работа нескладаная, змены зручныя, кампанія прыемная, толькі аб адным шкадую, што не прыйшоў у атрад раней, але ў наступным годзе спадзяюся вярнуцца сюды, – адзначыў юнак.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: