ГрадусПлюс. Сабачае жыццё

Важнае Грамадства

Мая дачка баіцца сабак. Не, жывёлы яе ніколі не кусалі, але дастаткова было аднойчы моцна напалохацца, і гэты страх не адпускае дагэтуль.

Бывае, раніцай выходзім на лесвічную пляцоўку ў той момант, калі сусед спускаецца зверху на прагулку, а сабака са звонкім брэхам пераганяе яго на некалькі пралётаў і зноў даводзіць маё дзіцё да панікі.

– Не бойцеся, ён не кусаецца, – супакойвае гаспадар.

Гэта нам з вышыні свайго дарослага росту зразумела, што небяспекі няма, а вось дзіцяці, для якога гэта вялікі звер, не патлумачыш.

Я не ведаю, як правільна павінна вырашацца гэта праблема, але, мяркую, гэтым трэба зацікавіцца самім гаспадарам нашых чацвераногіх сяброў. Калі невялікаму сабаку можна не надзяваць наморднік, бярыце пад паху і нясіце да месца выгулу, каб хоць малых не палохаў. Дзіцячыя эмацыянальныя траўмы, яны ж могуць і на ўсё жыццё застацца.

Варта толькі закрануць гэту праблему на рабоце, у кожнага знаходзіцца свая не вельмі прыемная “сабачая” гісторыя.

– Вось літаральна нядаўна давялося адбіваць дзяўчынку ад сабакі, – расказвае адна калега. – Тая проста выходзіла з магазіна, а сабака напаў. Добра, што побач былі мы, дарослыя.

– Дык літаральна на мінулым тыдні на жанчыну напала зграя сабак, калі тая ехала на веласіпедзе, – дадае другая. –  Адпойвалі яе валяр’янкай.

– Мы таксама катаемся на веласіпедзе з дачкой і азіраемся, каб пад колы не выскачылі сабакі, бо ўжо бывала такое, – размова ідзе далей.

Адна гісторыя адразу ж падхопліваецца іншай. Даведваюся пра тое, як пакутуюць дзятлаўчане ў кватэрах ад сабачага суседства, калі гаспадыня ідзе на работу ў 5 гадзін раніцы, а яе гадаванец закатвае канцэрты ўсяму пад’езду, як некаторыя гаспадары вялікіх сабак лічаць, што маюць права іх выпускаць пагуляць без намордніка і павадка, трымаючы ў страху ўсіх суседзяў.

Я вельмі люблю свойскіх жывёлаў, дзеці нават час ад часу просяць завесці сабачку. Але я разумею, што трымаць яго так, каб было камфортна ўсім, я не змагу, таму і пачынаць не трэба. На жаль, за вялікай любоўю да братоў нашых меншых людзі часам забываюць любіць ці хаця б паважаць людзей, з якімі знаходзяцца побач. Хоць наконт любові да жывёлаў я б паспрачалася: бадзяжныя сабакі таксама не ўзнікаюць самі па сабе…

P.S. А пра тое, як павінны ўтрымліваць і выгульваць жывёлаў гаспадары, абавязкова даведаюся ў адказных за гэта службаў і ў наступным артыкуле нагадаю гэтыя правілы. Можа, хтосьці проста забыўся.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga