Пытанні завяршэння пасеву рапсу і ўборкі льну, падрыхтоўкі домаўладанняў да ацяпляльнага сезона, школ – да пачатку навучальнага года, будаўніцтва і рэканструкцыі жылля і іншыя разгледзелі на традыцыйнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Не паспелі дажаць, як зноў высяваць
Свята “Дажынкі” “адгуляла” Дзятлаўшчына ў мінулую суботу. Як адзначыў кіраўнік раёна, вельмі добра падрыхтаваная атрымалася ўрачыстасць. Між тым будні ў аграрыяў застаюцца не менш насычанымі, чым былі ў час уборачнай. Практычна завершана сяўба азімага рапсу. З наступнага панядзелка пачнецца ўборка бульбы, у асноўным бульбаўборачнымі камбайнамі. Пастаўлена задача спланаваць па датах графік нарыхтовак: сянаж – кукурузны сілас.
Уборка льну пакуль замаруджана, паколькі ёсць праблемы з работай прэс-падборшчыкаў.
– Гэта гаворыць пра нядобрасумленную падрыхтоўку сельскагаспадарчай тэхнікі, – адзначыў Андрэй Садоўскі.
Увогуле “рабіць па сілах і з розумам” настойліва параіў Андрэй Уладзіміравіч кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў.
Заўвага прагучала і па падрыхтоўцы гаспадарак да ацяпляльнага перыяду. Вызначаны даты ліквідацыі недахопаў.
Па лініі крыміналу – без перамен
На мінулым тыдні на Дзятлаўшчыне зноў зафіксаваны факты махлярства праз інтэрнэт – пацярпелі тры чалавекі. У аграпрамысловым комплексе свая бяда: 3 работнікі сельгаспрадпрыемстваў затрыманы на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.
Таксама быў затрыманы вадзіцель адной з гаспадарак, які заправіў рабочы аўтамабіль на АЗС і накіраваўся пасля гэтага дадому. Там, акрамя “свежазалітага” паліва, у гаспадарчых пабудовах праваахоўнікі выявілі 80 літраў афарбаванага дызпаліва, назапашанага крыху раней.
Што датычыцца прафілактыкі, напярэдадні і ў першыя дні навучальнага года дзятлаўскія міліцыянеры будуць несці ўзмоцнены рэжым службы, дзяжурыць каля пешаходных пераходаў буйных школ раёна, весці растлумачальную работу з непаўналетнімі па бяспечных паводзінах на дарозе. Начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі нагадаў, што да 5 верасня прадаўжаецца акцыя “Увага – дзеці!”, у час якой аўтамабілістам неабходна рухацца з уключаным святлом фараў.
“Тут жыць зімой не буду”
Такія запэўненні ад насельніцтва прымацца не будуць. А датычацца яны падрыхтоўкі домаўладанняў грамадзян да ацяпляльнага перыяду. Некаторыя пажылыя жыхары раёна не рамантуюць печы або электраправодку ў доме, спасылаючыся на тое, што зіму правядуць у сваякоў. Аднак гарантаваць, што чалавек не вернецца ў любы момант пры халодным надвор’і ў свой дом і не пачне распальваць няспраўную печ, ніхто не можа. Старшыня райвыканкама паставіў задачу ратаўнікам: усе домаўладанні як камунальнай, так і прыватнай формаў уласнасці павінны быць падрыхтаваны да ацяпляльнага перыяду.
У Дзень ведаў
2209 навучэнцаў, з якіх 164 – першакласнікі, сёлета сядуць за парты школ раёна.
У 2023-2024 навучальным годзе на Дзятлаўшчыне будуць функцыянаваць 12 установаў агульнай сярэдняй адукацыі, 8 – дашкольнай, установа дадатковай адукацыі, установа спецыяльнай адукацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр. У раён прыехала 15 маладых спецыялістаў галіны адукацыі.
У пятніцу 1 верасня пройдуць урачыстыя лінейкі, прымеркаваныя да Дня ведаў і пачатку новага навучальнага года. Тэма першага ўрока ў школах будзе гучаць “Беларусь і Я – дыялог міру і стварэння”.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga