Андрэй Лежань: “Рапс вырошчваць выгадна”

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Жніво толькі-толькі перасягнула зеніт, а ў гаспадарках Дзятлаўшчыны ўжо прыступілі да сяўбы рапсу. Адным з лідараў у вырошчванні гэтай культуры з’яўляецца СГФ “АграМілк”.

Галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Лежань расказаў аб ходзе сельгасработ у філіяле, асаблівасцях дзятлаўскіх глебаў і аб уласным выбары прафесіі.

 – Ці ўрадзіў сёлета рапс?

– У гэтым годзе мы ўбралі азімы рапс на плошчы 600 гектараў, што на 100 гектараў больш у параўнанні з папярэднім. Культура была прадстаўлена пяццю гібрыдамі – “Сіквел”, “Кельтар”, “Харнас”, “Дамінатар” і “Баціс”. Сярэдняя ўраджайнасць склала 42,2 цэнтнера з гектара, па некаторых гатунках – да 54 цэнтнераў з гектара.

– Ці павялічваеце пасяўныя плошчы пад рапс?

– Сёлета застаёмся на тых жа землях, як і ў мінулым годзе, сеем на плошчы 600 гектараў. Аптымальны тэрмін сяўбы рапсу з 10 па 25 жніўня, але мы прыступілі крыху раней: поле ўжо падрыхтавана і ў нас ёсць гібрыд “Сіквел”, які восенню добра кусціцца, але не перарастае, яго можна сеяць першым. Давялося толькі крыху пачакаць пасля некалькіх дзён дажджу, каб глеба падсохла. Цяпер на сяўбе рапсу працуе адна адзінка тэхнікі – трактар МТЗ-3522 з сеялкай АППМ-6, кіруе якім механізатар Аляксандр Бяляўскі.

– Як вырасціць добры рапс?

– Гэта культура далікатная, любіць вельмі добрыя землі, багатыя фосфарам, каліем, гумусам, мікраэлементамі. Увесь комплекс угнаенняў мы своечасова ўносім у час дапасяўной падрыхтоўкі.

– Куды рэалізуеце сабраны ўраджай?

– Найперш выконваем дзяржзаказ, новы ўраджай здалі на Мінскі маргарынавы завод, а таксама кампаніі “Садружнасць” прамысловага комплексу “Белагратэрмінал” (горад Смаргонь), робім пастаўкі па прамых дагаворах. Рапс вырошчваць выгадна, бо ён мае добры кошт на рынку сельскагаспадарчай прадукцыі.

– Якія культуры ўбіраеце, акрамя рапсу?

– Ужо зжалі азімы ячмень на плошчы 200 гектараў, завяршаем уборку 920 гектараў азімай пшаніцы, наперадзе – 510 гектараў яравога ячменю, 274 гектары ячменю з гарохам у сумесі, 50 гектараў аўса і 16 – гароху. Ураджайнасць ніжэйшая за мінулагоднюю: паўплывалі вясенняя засуха і багатае на дажджы лета. Па культурах, ураджай якіх ужо сабралі, дзяржзаказ выканалі, а па рапсе перавыканалі. У бліжэйшых планах – завяршыць сеў азімага рапсу і ў пачатку верасня пасеяць усе астатнія азімыя культуры ў аптымальны тэрмін.

 – Андрэй Генадзьевіч, раскажыце, як вы выбралі сельскую гаспадарку і Дзятлаўшчыну?

– Работа на зямлі – мой свядомы выбар: я скончыў Навагрудскі аграрны каледж, затым – Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Пасля заканчэння прыехаў сюды на адпрацоўку ў СВК “Русь-Агра” (цяпер СГФ “АграМілк”) і застаўся: спачатку памочнікам брыгадзіра, затым аграномам па абароне раслінаў, а з 2016 года – галоўным аграномам. Няпроста было прывыкнуць, што ў параўнанні з роднай Карэліччынай дзятлаўскія землі больш лёгкія, пясчаныя, не такія багатыя. Каб тут вырасціць добры ўраджай, патрэбныя вопыт, цярпенне, любоў да зямлі і не менш важнае для кожнага аграрыя – добрае надвор’е.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: