Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца з рабочым візітам на Гродзеншчыне. Ён наведвае сельгаспрадпрыемства “Алекшыцы” ў Бераставіцкім раёне. Жыхары Прынёмання ўважліва сочаць за падзеямі і абмяркоўваюць ход сустрэчы.
Сваімі думкамі дзеліцца старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі:
– У першую чаргу адзначу, што наш Прэзідэнт, як вопытны лідар дзяржавы, заўсёды “трымае руку на пульсе падзей”. Ідзе ўборачная кампанія, сёлета яна няпростая з-за капрызаў надвор’я, і ўсе мы бачым, што ў будні і выхадныя Аляксандр Рыгоравіч, як руплівы гаспадар, пільна кантралюе працэс, наведваючы розныя рэгіёны краіны. Ён агучыў аграрыям задачу – выходзіць на тэмпы ўборкі збожжавых у 6 % плошчаў у дзень, каб сабраць ураджай з мінімальнымі стратамі. Заадно беларускі лідар, як кажуць, “з першых вуснаў” пацікавіўся вопытам выкарыстання новай мадэлі збожжаўборачных камбайнаў “Гомсельмаша” GS2124, якая стваралася па яго даручэнні, каб замяніць імпартную тэхніку. Пачуўшы станоўчыя водгукі, ён чарговы раз упэўніўся, што быў дальнабачным.
Увага Прэзідэнта была нададзена ўраджайнасці і тэхналогіям вырошчвання лёну. Літаральна днямі Аляксандр Рыгоравіч узгадваў гэту культуру як “стратэгічную”, якую можна выкарыстоўваць у наватарскіх кірунках вытворчасці экспартнаарыентаванай прадукцыі.
Закрануў і надзённую тэму жывёлагадоўлі, падкрэсліўшы, што сучасныя тэхналогіі поўнасцю дазваляюць дасягаць у ёй высокіх вынікаў, а таму неабходна пазбягаць падзяжоў. Нагадаў кіраўнік дзяржавы і аб сваім даручэнні перавесці за пяцігодку дойны статак у сучасныя малочнатаварныя комплексы.
І зноў раз беларускі лідар паказаў сябе дасціпным, блізкім да народа чалавекам, які не грэбуе стасункамі з простымі людзьмі, а шануе і паважае свой народ. На полі азімай пшаніцы ва ўрочышчы Падбагонікі Аляксандр Лукашэнка па запрашэнні мясцовых камбайнераў сеў з імі за стол, пагутарыў, пацікавіўся жыццём.
Увогуле, кожным сваім выказваннем, кожным даручэннем Прэзідэнт вучыць нас па-гаспадарску ставіцца да любога пытання, жыць не адным днём, думаць стратэгічна.
Дзякуючы ўвазе Прэзідэнта, які робіць стаўку на сельскую гаспадарку як адну з галінаў эканомікі, што забяспечвае дабрабыт унутры краіны і дае магчымасць беларусам зарабіць на знешнім рынку, мы цвёрда ведаем, што будзем з хлебам і прыбыткам.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga