На Дзятлаўшчыне праходзіць кампанія па імунізацыі насельніцтва супраць вірусу грыпу.
Сёлета медыкі выкарыстоўваюць вакцыну “Грыпол плюс” расійскай вытворчасці. Што думаюць дзятлаўчане наконт прышчэпак?
– На мой погляд, зрабіць прышчэпку ад грыпу неабходна абавязкова, – гаворыць Наталля Глуская, медыцынская сястра райпаліклінікі горада Дзятлава. – Карысць вакцынацыі ўжо даўно даказана. Неабходна разумець, што прышчэпка дапамагае, але не ратуе: у час эпідэміі і прышчэплены чалавек таксама можа захварэць, але ўжо ў значна больш лёгкай форме. Людзі менш заражаюцца адзін ад аднаго, памяншаецца колькасць сур’ёзных ускладненняў са шпіталізацыяй, колькасць смяротных зыходаў ад ускладненняў хваробы, імунітэт становіцца мацнейшым.
Нават платная вакцына абыдзецца ў дзясяткі разоў танней, чым само лячэнне грыпу. Раю зрабіць прышчэпку студэнтам і ўсім тым, хто праводзіць шмат часу ў месцах масавага знаходжання людзей. Прышчэпка ратуе ад заражэння пры мімалётным кантакце ў грамадскім транспарце і аб’ектах сферы абслугоўвання.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ