Не ўсе ўладальнікі сабак і катоў ведаюць, што ў адпаведнасці з пунктам 9 правілаў утрымання хатніх жывёл іх любімцы падлягаюць рэгістрацыі ў раённых, гарадскіх выканаўчых камітэтах, мясцовых адміністрацыях раёнаў у горадзе на працягу трох дзён з іх дня набыцця.
Шчанюкі і кацяняты рэгіструюцца ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяцаў, а сабакі патэнцыйна небяспечных парод (у цяперашні час іх пералік змяшчае 40 найменняў) – толькі пры наяўнасці ва ўладальніка даведкі аб праходжанні адпаведнага навучання. Больш падрабязна з пералікам можна азнаёміцца ў пастанове Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ад 12 снежня 2001 г. № 40.
Існуюць і абмежаванні па колькасці жывёл, якіх дазволена ўтрымліваць:
– адной сям’ёй у асобнай кватэры – не больш за дзве;
– у кватэры, дзе пражывае некалькі наймальнікаў (уласнікаў) – не больш за адну жывёлу на сям’ю пры згодзе ўсіх яе паўналетніх грамадзян.
Для рэгістрацыі ўладальнік жывёлы павінен прадаставіць у службу “адно акно” Дзятлаўскага райвыканкама (г. Дзятлава, вул. Чырвонаармейская, 21 (Уваход з тарца), час працы штодня з 8.00 да 17.00, серада з 8.00 да 20.00) заяву; пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу; пасведчанне (даведку) аб праходжанні ўладальнікам навучання на курсах па гадоўлі, змесце і доглядзе сабак патэнцыйна небяспечных парод.
Рэгістрацыя праводзіцца бясплатна.
За парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл (у тым ліку абавязкаў уладальнікаў катоў і сабак па іх рэгістрацыі) прадугледжаны штраф у памеры ад 1 да 15 базавых велічыняў. За тое ж парушэнне, якое пацягнула прычыненне шкоды здароўю людзей або маёмасці, – ад 10 да 30 базавых велічыняў, або грамадскія работы, або адміністрацыйны арышт.
Уладальнікі жывёл таксама павінны памятаць, што стаўка падатку за валоданне сабакамі ўстаноўлена за падатковы перыяд (каляндарны квартал) у наступным памеры: 55,5 рубля – за пароды сабак, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных парод; 11,1 рубля – у іншых выпадках.
Станіслава ГАНЧАР,
галоўны спецыяліст аддзела па юрыдычнай рабоце, зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў райвыканкама, кіраўнік службы “адно акно”
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga