У кожнага чалавека ёсць куток, які стаў для яго стартавай пляцоўкай у вялікае жыццё, адкрыў дарогу да будучых дасягненняў.
Тысячы і тысячы славутых і простых грамадзян “вывеў у людзі” горад Дзятлава.
Нездарма выстава дасягненняў прадпрыемстваў і арганізацый раёна, прымеркаваная да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 525-гадовага юбілею горада Дзятлава атрымала трапную назву – “Горад нашых Перамог!”. На плошчы 17 Верасня таксама працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі “Ведаю Беларусь” і “Дзятлава ў люстэрку часу”.
У гарадскім парку свята сабрала тых, хто робіць свае першыя крокі па краіне фантазіі. Тут праходзіў вернісаж мастакоў дзіцячых школ мастацтваў “Натхненне” і міні-пленер “Малюем Дзятлава будучыні”. Прыгажосць суседнічала з песняй – побач ладзіўся фестываль фальклору “Вянок творчасці народнай”. Крыху воддаль праходзіла выстава тэматычных падворкаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Там жа размясціліся ўдзельнікі кулінар-фэсту “Шэдэўр на святочны стол”. Сельгаспрадпрыемствы Дзятлаўшчыны прадставілі свае самыя крэатыўныя і смачныя стравы, прысвечаныя 525-годдзю горада Дзятлава.
У кулінарным спаборніцтве лепшымі сталі гаспадыні з КСУП “Хвінявічы”, віцэ-чэмпіёны – КСУП “Жукоўшчына”, трэцяе месца ў ААТ “Граніт-Агра”. Суцяшальны прыз атрымалі кулінары КСУП “Войневічы” і ААТ “Дварэц-Агра”. Пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі і прызамі.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga