Сродкі масавай інфармацыі нярэдка расказваюць аб трагедыях з удзелам дзяцей. Некаторыя выпадкі маюць шчаслівы канец, іншыя заканчваюцца смерцю непаўналетніх ці сур’ёзнымі парушэннямі здароўя. І ўсе яны здараюцца з-за недагляду або нядобрасумленнасці дарослых. Ад такіх навінаў у кожнага з нас сціскаецца сэрца, а ў галаве ўсплывае пытанне: “Ці можна было папярэдзіць бяду?”. Калі разглядаць кожную трагедыю паасобку, то найчасцей вынікае, што пазбегнуць яе было магчыма.
Дзеці тонуць не толькі ў адкрытай вадзе (рэкі, азёры, сажалкі), але і ў штучных вадаёмах, нават ёмістасцях з невялікай колькасцю вады. Асабліва гэта тычыцца маленькіх дзетак ад некалькіх месяцаў да 3-4 гадоў.
Бацькам неабходна прымаць элементарныя меры прафілактыкі. Калі ў вас на ўчастку ёсць басейн ці вадаём, ён павінен быць агароджаны такім чынам, каб дзіця, якое поўзае, гуляе ці скача, ніяк не магло ў яго патрапіць. Любыя ёмістасці, у якіх вада знаходзіцца пастаянна (калодзежы, бочкі для паліву дажджавой вадой і іншае), павінны быць недаступныя для дзяцей. Ёмістасці з вадой, якія выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы (тазы, надзіманыя басейны, вёдры), трэба апаражняць пасля выкарыстання. Паверце, немаўля, якое поўзае, здольна патануць нават у тазе ці вядры з вадой.
Купацца можна толькі на афіцыйных пляжах, дзе ёсць ратаўнікі, і толькі ў гадзіны іх работы. Нельга дазваляць дзецям ні на хвіліну заставацца без нагляду дарослых каля вады. Немаўляты і дзеці ва ўзросце да 5 гадоў асабліва схільныя да ўтаплення з-за анатамічных асаблівасцяў. У іх галава адносна цяжкая ў параўнанні з целам, яны лёгка могуць апынуцца галавой уніз у басейне, возеры, ванне. Акрамя таго, дзеці не разумеюць небяспекі і не ўмеюць быць асцярожнымі. Выратавальныя кругі, надзіманыя камеры забяспечваюць ілжывае пачуццё бяспекі. Памятайце, што гэтыя прыстасаванні не здольныя поўнасцю абараніць дзіця ад рызыкі патануць. Утапленне адбываецца на працягу некалькіх хвілін, таму старайцеся на вадзе пастаянна быць на адлегласці выцягнутай рукі ад дзяцей. Калі ўжо дазволілі малым пакупацца, засяроджвайце ўвагу толькі на іх.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga