Уборачная кампанія і бяспека на канікулах. Сельскі сход у Войневічах

Галоўнае Грамадства

У аграгарадку Войневічы адбыўся сельскі сход пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, на якім абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджанне пажараў і гібелі людзей на іх.

Старшыня Войневіцкага сельвыканкама Іван Свіб заклікаў грамадзян выконваць правілы пажарнай бяспекі, каб пазбегнуць надзвычайных сітуацый, і расказаў аб рабоце аглядавай камісіі сельвыканкама.

Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык пазнаёміў прысутных са статыстыкай пажараў, якія адбыліся ў раёне, расказаў аб асноўных прычынах іх узнікнення і мерах прафілактыкі. За 2023 год на Дзятлаўшчыне адбылося 18 пажараў, у якіх загінулі 4 чалавекі (у мінулым годзе – 1), апошнія з іх – у Жукоўшчынскім і Войневіцкім сельскіх саветах.  Сяргей Сяргеевіч звярнуў увагу на тое, што самая частая прычына пажараў у дамах і кватэрах – “п’яная” цыгарэта. Ён нагадаў прысутным, што абавязковым элементам інтэр’ера ў кожным жылым памяшканні павінен быць аўтаномны пажарны апавяшчальнік – маленькі прыбор, які ўратаваў нямала чалавечых жыццяў. Аматараў летняга адпачынку Сяргей Казушчык заклікаў уважліва сачыць за тым, ці дазволена наведванне лясоў у нашым раёне. Гэта інфармацыя абнаўляецца ў актуальным рэжыме на сайце Міністэрства лясной гаспадаркі. За парушэнне забароны (нават калі вы не ведаеце) – штраф унушальных памераў. Таксама ён нагадаў, што на Дзятлаўшчыне толькі два дазволеныя месцы для купання – гарадскі пляж і вадаём на тэрыторыі санаторыя “Радон”.

– Летнія канікулы – час для бацькоў быць пільнымі і заўжды цікавіцца, дзе знаходзяцца іх непаўналетнія дзеці, – адзначыў Сяргей Сяргеевіч. – На прафілактыку здарэнняў з удзелам дзяцей накіравана рэспубліканская акцыя “Канікулы – без дыму і агню!”.

Марына Лашкоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама, таксама заклікала бацькоў з усёй сур’ёзнасцю ставіцца да таго, як бавяць час на канікулах іх дзеці, выхоўваць у іх добрыя якасці характару ўласным прыкладам. Разам з удзельнікамі сходу яна ўзгадала два супрацьлеглыя па сюжэце рэзанансныя выпадкі, якія адбыліся ў нашым раёне сёлета: першы – ілжывы званок з паведамленнем аб пажары, другі – выратаванне навучэнца ад прыступу алергіі яго равеснікамі.

– Дзеці капіруюць нашы паводзіны, таму варта задумацца аб тым, што мы самі робім у жыцці, – зрабіла выснову выступоўца. – А дзяржава заўжды стаіць на абароне іх інтарэсаў, нават насуперак нядбайным бацькам.

Пра сёлетнія няшчасныя выпадкі і пацярпелых ад электрычнага току грамадзян расказаў начальнік раённай газэнергаінспекцыі Вячаслаў Пятраш. Ён заўважыў, што іх удзельнікамі, на жаль, часта становяцца менавіта дзеці.

Намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага раёна электрасетак Андрэй Гоман павіншаваў механізатараў з пачаткам уборачнай кампаніі і акцэнтаваў увагу на мерах бяспекі ў час жніва. Асабліва гэта тычыцца работы габарытнай тэхнікі паблізу ліній электраперадачы.

Пра работу з пажылымі грамадзянамі і адказнасць перад бацькамі расказала спецыяліст Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага райвыканкама Галіна Касцюк. Яна заклікала прысутных часцей наведваць бацькоўскі дом, дапамагчы блізкім у стварэнні камфортных умоваў жыцця, падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду. За тым, наколькі дбайныя і адказныя дзеці да  сваіх састарэлых бацькоў, сочаць аглядавыя камісіі пры сельвыканкамах.

Участковы інспектар Віталій Грышук яшчэ раз узняў тэму тэлефоннага (і не толькі!) махлярства, якая не губляе сваёй актуальнасці. Махляры прадстаўляюцца супрацоўнікамі праваахоўных органаў або работнікамі банка, выдумваюць кожны раз новыя сцэнарыі, прапануючы ўдакладніць асабістыя або банкаўскія даныя.

– Запомніце раз і назаўжды, супрацоўнікі дзяржслужбаў і праваахоўнікі не будуць удакладняць такую інфармацыю па тэлефоне, – нагадаў інспектар. – Лепш пасля ўзнікнення падазрэнняў такую размову ветліва перапыніць.

Аляксандр Бараноўскі падвёў вынікі сельскага сходу, яшчэ раз павіншаваў аграрыяў з пачаткам гарачай пары жніва. Ён заклікаў жыхароў сельсавета быць адказнымі і ўважлівымі да сябе, сваіх дзяцей, на працы і дома. Ведаць правілы бяспекі і ніколі не грэбаваць імі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: