2 ліпеня, напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, у Год міру і стварэння адбылася ўсебеларуская малітва аб дабрабыце людзей і міры, якую ініцыіраваў Беларускі фонд міру.
Ініцыятыву падтрымалі кіраўнікі асноўных рэлігійных канфесій краіны, якія ўваходзяць у склад праўлення Беларускага фонду міру, а таксама ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Беларусі.
Службы праходзілі ва ўсіх храмах нашай рэспублікі – цэрквах, касцёлах, малітоўных дамах, мячэцях, сінагогах.
У саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель таксама правёў малебен. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, працоўных калектываў, сілавых структур, у тым ліку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, прафсаюзных і грамадскіх арганізацый, сярод якіх РГА “Белая Русь”, ГА “БСЖ”, ГА “БРСМ”. Святар і вернікі, якія прысутнічалі ў храме, прасілі для жыхароў нашай старонкі і Айчыны дабрыні, мудрасці, цярпення.
У гэты дзень вернікі ўсёй Беларусі звярнуліся да Усявышняга з просьбамі аб міры і дабрабыце. Як вядома, сіла супольнай малітвы вялікая, яна мацуе дух адзінства, а духоўнасць увогуле вучыць нас прабачаць і любіць. Для жыхароў Беларусі мір заўжды быў галоўнай мэтай і вялікай каштоўнасцю, нездарма Дзяржаўны гімн нашай Айчыны пачынаецца са словаў “Мы, беларусы – мірныя людзі”.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga