Каб зразумець, наколькі часта дзятлаўчане карыстаюцца беларускімі таварамі, мы вырашылі правесці апытанне і даведацца іх асабістае меркаванне з гэтай нагоды.
Ірына Маркушэўская, 65 гадоў:
– Я вельмі станоўча стаўлюся да беларускай прадукцыі. Параўноўваючы айчынныя прадукты харчавання з замежнымі, магу сказаць, што па якасці нашы беларускія тавары не саступаюць імпартным, яны не толькі натуральныя, але і смачныя. Гэта не раз адзначала я сама і мае сваякі, якія жывуць у Расійскай Федэрацыі. Бясспрэчна, я і многія мае знаёмыя карыстаемся айчыннай бытавой тэхнікай, напрыклад, такой маркі, як “Атлант”, хаця некаторыя бытавыя рэчы ў нас замежнай вытворчасці.
Ксенія Лучко, 32 гады:
– Адназначна, я паважаю беларускую прадукцыю. Пры пакупцы ў прыярытэце менавіта тавары айчыннай вытворчасці, напрыклад, тая ж малочная прадукцыя ці кандытарскія вырабы “Слодыч”, “Спартак”, і, выбіраючы прадукты харчавання, перавагу аддаю нашым, беларускім. Што тычыцца тэхнікі, то даспадобы прадукцыя замежнага рынку, вядомых марак, правераная на якасць і надзейнасць многімі людзьмі і часам сваёй службы, напрыклад, «Bosch». Аднак, мяркую, у доме кожнага з нас знойдзецца тэхніка і беларускай вытворчасці – такіх брэндаў, як «Белвар» або той жа «Атлант».
Раіса Каляда, юная жыхарка раёна:
– Шчыра кажучы, мне больш падабаюцца замежныя тавары, бо яны якасныя і разнастайныя. Пастаянна распрацоўваюцца новыя інавацыйныя рашэнні па іх вытворчасці, яны не адстаюць ад моды, што, вядома, не можа не выклікаць попыту. Беларуская прадукцыя таксама якасная, але пры выбары я часцей схіляюся да пакупкі экспартных тавараў, бо, на жаль, як большасць падлеткаў, звяртаю ўвагу на іх яркую, прывабную ўпакоўку.
Як вынікае з апытання, у большасці сваёй жыхары нашага горада і раёна аддаюць перавагу харчовым прадуктам беларускай вытворчасці, паколькі яны адрозніваюцца не толькі натуральным саставам, але і якасцю, і смакам. Людзі таксама адзначаюць, што любяць карыстацца імпартнай тэхнікай, хаця айчынная па-ранейшаму займае сваё пачэснае месца ў дамах жыхароў нашага раёна.
Мікіта ПАПРОЦКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga