9 ліпеня на пляцоўцы каля Цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілася канцэртная праграма, прысвечаная гадавіне вызвалення горада Дзятлава ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– У гісторыі кожнага горада ёсць святыя даты, памяць пра якія перадаецца з пакалення ў пакаленне. Для жыхароў Дзятлава гэта дата вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, – звярнуліся да гледачоў вядучыя канцэрта. – Менавіта 9 ліпеня 1944 года быў вызвалены наш горад, і землякі ўсклалі кветкі да помнікаў у знак павагі да несмяротнай славы і светлай памяці пра герояў і ўсіх, хто прыклаў намаганні, каб абараніць сваю краіну, свой горад.
Свята – гэта добры настрой, музыка і, вядома ж, песні. У гэты дзень артысты Цэнтра культуры з найлепшымі пажаданнямі дарылі сваю творчасць усім жыхарам і гасцям горада Дзятлава:
– Няхай наш горад дзень за днём квітнее, развіваецца і становіцца толькі лепшым, а дзятлаўчане атрымліваюць асалоду ад кожнай хвіліны, пражытай тут! Любіце свой горад, захоўвайце яго гісторыю і стварайце будучыню, – гучала з раённай сцэны.
Музычны падарунак замлякам зрабілі народны ансамбль песні “Ятранка”, Чэслаў Свіб, Таццяна Шостка, Ала Чарняўская і вакальна-інструментальны ансамбль “Гарачыя сэрцы”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga