Пераможнае лета

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

9 ліпеня 1944 года… З гэтай свяшчэннай даты пачаўся адлік мірнага жыцця на Дзятлаўшчыне. Коштам неймаверных намаганняў воінам-вызваліцелям удалося выбіць ворага з нашай зямлі. Гэта быў сапраўдны подзвіг моцных і мужных духам салдат.

Тры гады крывавай акупацыі. Гітлераўцы рабавалі, забівалі, вешалі, здзекаваліся з людзей. Але набліжаўся час расплаты. Наступаў 1944 год – год вялікіх надзей. Чырвоная Армія рыхтавалася да нанясення новых удараў па нямецка-фашысцкім захопнікам.

Быў пачатак ліпеня, ішло вызваленне Беларусі. 3-я армія генерал-палкоўніка Аляксандра Васільевіча Гарбатава вызваліла ўжо Стаўбцы, Карэлічы, Навагрудак і з баямі рухалася на захад. Каб не дапусціць зніжэння тэмпаў наступлення, камандуючы 2-м Беларускім фронтам генерал Георгій Фёдаравіч Захараў вырашыў выкарыстаць выгаднае становішча 3-й арміі, загадаў ёй 6 ліпеня выйсці галоўнымі сіламі да ракі Нёман, а 8 ліпеня быць на рубяжы гарпасёлкаў Мір, Астравец і працягваць наступленне ў напрамку мястэчка Дварэц.

Дзятлаўскі раён вызвалялі пяць дывізій 3-яй арміі.

Паўночную частку раёна – часці 348-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Мікалая Аляксеевіча Нікіціна. Яны ішлі па маршруце: Бярозаўка, Руда Яварская, Нясілавічы, Каршакі, Карытніца, Дзямянаўцы, Зачэпічы, Галубы.

169-я стралковая Рагачоўская дывізія пад камандаваннем палкоўніка Фёдара Андрэевіча Вяроўкіна вызваляла паўднёвую частку раёна, праследавала праціўніка па маршруце: Васявічы, Заполле, Азяраны, Агароднікі. 9 ліпеня 680-ы полк гэтай дывізіі авалодаў Наваельняй. У выніку бою знішчана да 30 нямецкіх салдат.

Праз Наваельню, Дзятлава, Накрышкі, Вялікую Волю ішла 283-я дывізія палкоўніка Васілія Андрэевіча Канавалава.

Злева ад яе рухалася 120-я гвардзейская стралковая дывізія генерал-маёра Яна Янавіча Фогеля. Дывізія Фогеля сустрэла шалёнае супраціўленне на рацэ Сэрвеч. Тут і быў смяротна паранены камандзір дывізіі. Далей дывізію павёў палкоўнік Пётр Сяргеевіч Цялкоў у напрамку: Данілавічы, Барташы, Дварэц, Наваельня, Петрашы, Сямёнавічы, Савічы, Гернікі, Сачыўляны, Казлоўшчына, Падвялікае, Чарлёнка. 10 ліпеня 334 і 336-ы палкі дывізіі сустрэлі арганізаванае супраціўленне немцаў на рацэ Шчара. Нягледзячы на цяжкія ўмовы пераправы і агонь праціўніка, палкі дывізіі за 2 гадзіны пераправіліся праз раку.

Працягваючы разгортваць наступленне, часці 129-й стралковай Арлоўскай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Івана Уладзіміравіча Панчука занялі населеныя пункты Дварэц, Агароднікі, Абелькавічы, Раготна, Казлоўшчыну, Дубраўку і 10 ліпеня выйшлі на бераг Шчары.

8 ліпеня часці 283-й стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Васілія Андрэевіча Канавалава з ходу авалодалі Навагрудкам і ўзялі кірунак на Дзятлава па маршруце: Кашалёва, Хрольчыцы, Ліжэйкі, Навасёлкі. У выніку паспяховага наступлення часці 283-й стралковай дывізіі раніцай 9 ліпеня 1944 года вызвалілі гарадскі пасёлак Дзятлава. А за два дні перад гэтым 556-ы стралковы полк  (камандзір – падпалкоўнік Пётр Васільевіч Качур) 169-й стралковай дывізіі на аўтамабілях, цягачах і самаходных гарматах выйшаў у рэйд. Зрабіўшы па тылах немцаў 55-кіламетровы марш, полк захапіў у ворага вёску і чыгуначную станцыю Дварэц.

У вызваленні нашага раёна прымала ўдзел і авіяцыя. 8 ліпеня авіяцыя вяла разведку праціўніка ў раёне Ліда – Беліца – Навагрудак – Наваельня і своечасова давала разведданыя камандаванню фронта. Яна выявіла вялікую колькасць праціўніка на пераправах праз рэчку Моўчадзь ля Наваельні і Рыбакоў. Ноччу на 9 ліпеня быў дадзены загад разбамбіць пераправы і знішчыць жывую сілу і тэхніку ворага. Было зроблена 100 самалёта-вылетаў.

У Наваельні ліпеньскімі днямі некаторы час дзейнічаў палявы аэрадром 46-а гвардзейскага Таманскага авіяцыйнага жаночага палка, якім камандавала Герой Савецкага Саюза палкоўнік Еўдакія Давыдаўна Бяршанская. За час беларускай аперацыі лётчыцы гэтага палка зрабілі 1753 баявыя вылеты, скінулі на ворага 350 тысяч кілаграмаў бомбаў.

Арганізаванага супраціўлення вораг ужо не мог аказаць, толькі зрабіў спробу затрымаць наступленне Чырвонай Арміі на рубяжы ракі Шчара. Аднак, дзякуючы баявому духу салдат, умеламу камандаванню і дапамозе партызан, нашы дывізіі змаглі фарсіраваць раку Шчара і пайсці далей на захад.

10 ліпеня 1944 года Дзятлаўскі раён быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Прайшло з той пары 79 гадоў, усё менш сярод нас тых людзей, хто не па чутках ведае пра ўсе жахі вайны, але дзятлаўчане па-ранейшаму захоўваюць памяць аб тых, хто стаў магутнай заслонай на шляху нямецкіх захопнікаў і не даў фашызму скарыць наш народ.

Ірына ЯКАЎЧЫК,
галоўны захавальнік фондаў УК “Дзятлаўскі музей”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: