Каб усё было гладка

Галоўнае Грамадства

Выехаўшы на чарговае рэдакцыйнае заданне, былі прыемна здзіўлены: значны ўчастак дарогі ў кірунку на Агароднікі стаў роўным і гладкім, на сонцы паблісквае новы асфальт, у паветры яшчэ лунае лёгкі пах цёплай смалы, а наша машына бяжыць, здаецца, зусім бясшумна.

У хуткім часе за вокнамі “праплыла” і дарожна-будаўнічая тэхніка.

Вяртаючыся назад, не маглі не спыніцца на скрыжаванні ў вёсцы Апаліна-Басіна, дзе на ўкладцы новага пакрыцця шчыравалі дарожнікі, тым больш што якраз тут заспелі галоўнага інжынера ДРБУ-119 Аляксея Гірыка.

На пытанне, ці можна кароценькі каментарый наконт працэсу, які тут адбываецца, Аляксей Іосіфавіч добразычліва адзначыў:

– Калі кароценькі, то можна, – і патлумачыў, – вы трапілі літаральна на апошнюю фазу работ, якія вось-вось будуць завершаны. Бягучы рамонт асфальтабетоннага пакрыцця ўчастка аўтадарогі Н-6083 Дзятлава – Разважжа – Хвінявічы км 1,8 – км 3,4 мы ажыццяўляем ужо некалькі дзён запар. Да яго прыступілі ў мінулую сераду 12 ліпеня, цяпер заканчваем усё, што было запланавана. Сёння мяркуем “зрабіць апошнія штрыхі”, а затым людзі і тэхніка адправяцца на іншыя заданні, засталося толькі зрабіць з’езд на Апаліна-Басіна.

На гэтай жа дарозе ў жніўні будзем ажыццяўляць рамонт асфальтабетоннага пакрыцця на ўчастку км 00 – км 1,8: гэта бліжэй да дарогі на Слонім і адміністрацыйнага будынка нашага ДРБУ-119.

Варта адзначыць, што пакрыццё ў гэтых месцах ужо даволі зношанае, усё ў “латках-заплатках”, таму і ўзнікла патрэба ў бягучым рамонце. Падобная праграма вядзецца цяпер і па ўсёй нашай рэспубліцы, таму дарогі становяцца больш камфортнымі.

Тут на работах задзейнічаны асфальтаўкладчык, а на ўшчыльненні пакрыцця – 3 каткі, на падвозцы асфальтабетоннай сумесі з Наваельні – 2 дваццацітонныя самазвалы, яшчэ ёсць трактар-шчотка і трактар для падвозкі вады. Усяго шчыруюць 5 механізатараў і 3 асфальтабетоншчыкі пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Шастака, які кантралюе арганізацыю і ход рамонтных работ.

Што ж, нам застаецца пажадаць дарожнікам спорнай работы і спрыяльнага надвор’я і падзякаваць за працу, бо заўсёды прыемна падарожнічаць, калі ўсё гладка.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: