Гуляць па Дзятлаве стане зручней

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

У райцэнтры па вуліцах Кірава і Чапаева вядуцца работы па замене тратуара.

Сродкі на абнаўленне горада былі выдаткаваны з раённага бюджэту.

– Работы распачаліся ў маі, за гэты час у асфальтавым выкананні закладзены тратуар плошчай 265 квадратных метраў у раёне дамоў № 5-11 па вуліцы Кірава, – расказвае старшы майстар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Сяргей Васюкевіч. – Прыступілі да другога этапу – замены тратуарнага пакрыцця таксама па вуліцы Кірава – ад перасячэння з вуліцай Чапаева да Янкі Купалы, даўжынёй каля 125 метраў. Цяпер праводзім дэмантаж, затым будзе ўсталяваны бардзюрны борт, падрыхтаваны і закладзены асфальт.

– Чаму асфальт, а не плітка?

– Практыка паказала, што ўладкаванне асфальтавага пакрыцця больш мэтазгодна з эканамічнага пункту гледжання, пры гэтым такі тратуар будзе не горшы, а магчыма, больш даўгавечны за плітку, якая пры рознай шчыльнасці падложкі і асновы можа правальвацца або ўзнімацца.

Цяпер брыгада камунальнікаў знімае зношаны слой асфальтавага пакрыцця, які пасля падсыпкі будзе заменены на новы. На аб’екце працуе тэхніка жылкамунгаса – пагрузчык “Амкадор” і трактары з прычэпам, якія адвозяць зняты і загружаны асфальт. Таксама – брыгада будаўнікоў у саставе Максіма Ківачука, Андрэя Якаўчыка, Паўла Каткоўскага і іх малодшага памочніка Аляксандра Каляды, які цяпер працуе ў арганізацыі дворнікам, але збіраецца паступаць на будаўнічую спецыяльнасць

За рулём “Амкадора” – вопытны вадзіцель Мікалай Юркевіч, атрымаў яго новым, толькі з завода. Па словах мужчыны, пагрузчык вядомага беларускага вытворцы пастаянна запатрабаваны, ён ужо з дзесяць гадоў працуе ў жыллёва-камунальнай арганізацыі, выконваючы шматлікія віды работ: ад загрузкі пілавіння на кацельных да дарожна-рамонтных работ.

Пасля завяршэння работ на аб’екце брыгада будзе працаваць на добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі па вуліцы Кірава, дамы № 7-9, 11, абсталяванні там паркоўкі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: