Водпуск – такі прыемны перыяд, калі можна ў будні дзень у рабочы час прагуляцца па магазінах.
Сёння сіноптыкі абяцалі плюс 26, вырашыла з раніцы, пакуль спякота не набрала сілы, заняцца пакупкамі. Усё, што трэба з прамысловых тавараў, набыла, апошні пункт – прадукты. Па дарозе “Родны Кут” у цэнтры Дзятлава. Туды і накіравалася. У магазіне прыемная прахалода, людзей не больш за дзясятак у гандлёвай зале – хадзі, выбірай спакойна.
Рушыла да скрыняў для захоўвання рэчаў, і тут пачалася мая барацьба з “ветранымі мельніцамі”. У адну паклала, ключ павярнула – не закрываецца. Прыгледзелася: “язычка”, які замыкае, наогул няма – круці-вярці пакупнік, усё дарэмна. У другую пералажыла, дзверцы закрыла – а ключа няма. Прыгледзелася, што ў 12-й ёсць ключ і “язычок”, паклала свае набыткі туды, закрыла дзверцы, а ключ не паварочваецца “ні туды, ні сюды”. Надакучыла мне гэта гульня, толькі настрой сапсавала. Больш ніякія ключы ўжо і не правярала, так і пакінула свае рэчы незачыненымі з думкаю “можа, не скрадуць”.
Не скралі. Толькі вось думаю, для каго такія фальшывыя зручнасці? У большасці дзверцаў ключоў няма (столькі пакупнікоў раніцаю па гандлёвай зале не ходзіць!). Ёсць ва ўсіх скрынях ніжняга рада – добра моладзі, а сталаму чалавеку кланяйся. Напэўна, забава для прадаўцоў – паглядзець, як людзі мучаюцца і злуюцца.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga