Дзелавы панядзелак. Тактычныя задачы і прафілактыка

Важнае Улада

На гэты раз на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама гучалі тэмы ўборачнай кампаніі, рамонту жылых дамоў і вуліц, якасці пітной вады, адпачынку дзяцей і іншыя.

Не расхалоджвацца

Сельская гаспадарка сёлета сутыкнулася з наплывам розных відаў работ аднамомантна. Доўгі перыяд без дажджу “ссунуў у адзін рухавік” касьбу і жніво. А ўборачная кампанія – гэта найважнейшы этап сельгасработ, які шмат у чым вызначыць, што будзе ў засеках і на сталах, тут не паслабішся.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі настройвае аграрыяў не расхалоджвацца, гэтымі днямі пачаць уборку сурэпіцы – зерне спелае, надвор’е спрыяе. Таксама прыступіць да  ўборкі азімага ячменю. Больш за ўсё яго пасеяна ў сельскагаспадарчым філіяле “АграМілк”. Пры гэтым ідзе другі ўкос траваў, люцэрну закладваюць у траншэі, далей “прапішацца” стрэйч плёнка. Белыя рулоны ў полі ў нашы дні не ў навіну. Дзятлаўскія гаспадаркі актыўна выкарыстоўваюць прагрэсіўную тэхналогію.

Дастаткова сёння работы ў сельгаспрадпрыемстваў раёна і па апрацоўцы яравых фунгіцыдамі, падкормцы кукурузы, завяршаюцца рамонты камбайнаў, неабходна вызначыць стратэгію па ўборцы льну. На кантролі – дойны статак.

І святы, і будні

– Святы, Дзень Незалежнасці і 525-годдзе заснавання Дзятлава, прайшлі ў спакойным рэжыме, без парушэнняў грамадскага парадку, – рапартаваў начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль.

Увогуле мінулы тыдзень аказаўся дастаткова спакойным у плане правапарушэнняў і злачынстваў.

Ратаўнікі таксама не фіксавалі пажараў на тэрыторыі раёна, выязджалі толькі на дапамогу насельніцтву па ліквідацыі джаланосных насякомых.

Як паведаміў намеснік начальніка Дзятлаўскага РАНС Сяргей Кухарчык, служба выканала ўсе работы па запланаванай устаноўцы ў домаўладаннях уразлівай катэгорыі грамадзян аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў з вывадам сігналу на знешнюю сігнальна-гукавую прыладу (30 штук), па рамонце пячнога ацяплення.

Зараз праваахоўнікам даручана наладзіць пільны кантроль за ходам жніва, ратаўнікам – яшчэ раз праверыць супрацьпажарную гатоўнасць гаспадарак, кантраляваць месцы адпачынку.

Чыстай вады глыток

Не толькі ў аграрыяў гарачая пара. Напрыклад, будаўнікі і камунальнікі, карыстаючыся ўмовамі надвор’я, б’юць рэкорды па выкананні тых ці іншых відаў работ. Перад педагогамі, кіраўнікамі школ стаіць задача не толькі арганізаваць адпачынак выхаванцаў, але і падрыхтаваць установы адукацыі да новага навучальнага года – гэта пытанне на асаблівым кантролі старшыні райвыканкама

У час нарады былі агучаны планы на наступны год Дзятлаўскага РУП ЖКГ па будаўніцтве невялікіх станцый абезжалезвання ў павільёнах свідравін у вёсках Хадзяўляны, Сачыўляны.

Ірына КАМАРОВА   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: