Пра ўмовы прадастаўлення, віды і памер дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі расказала галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Чарняк:
Яна можа быць прадастаўлена ў трох відах.
Па-першае, у выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог на набыццё прадуктаў харчавання, лекавых сродкаў, адзення, абутку, школьных рэчаў і на іншыя патрэбы для забеспячэння нармальнай жыццядзейнасці.
Па-другое, як сацыяльная дапамога для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў (упітваючых трусікаў), упітваючых прасцін (пялёнак), уралагічных пракладак (укладышаў).
Па-трэцяе, у выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця.
Штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям ці грамадзянам пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход па аб’ектыўных прычынах ніжэйшы за найбольшую велічыню бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, зацверджанага Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, за два апошнія кварталы (далей – крытэрый патрэбы). На перыяд з 1 мая па 31 ліпеня 2023 года ён дзейнічае ў памеры 352,13 рубля. Аднак варта ўлічыць, што пры гэтым сям’ёй ці грамадзянінам павінны быць рэалізаваны: права на атрыманне ў адпаведнасці з заканадаўствам аліментаў на непаўналетніх дзяцей, пенсій (акрамя выпадкаў неатрымання дзяржаўнай пенсіі пры прадаўжэнні работы пасля набыцця права на пенсію па ўзросце на агульных падставах для павелічэння памеру такой пенсіі), дапамог.
Для шматдзетных сем’яў штомесячная сацыяльная дапамога прадастаўляецца, калі сярэднедушавы даход складае не больш за 1,15 велічыні крытэрыю патрэбы.
Памер штомесячнай сацыяльнай дапамогі на кожнага члена сям’і ці грамадзяніна складае станоўчую рознасць паміж крытэрыем патрэбы і сярэднедушавым прыбыткам сям’і (грамадзяніна) і пераразлічваецца пры павелічэнні крытэрыю патрэбы ў перыяд прадастаўлення штомесячнай сацыяльнай дапамогі.
Аднаразовая сацыяльная дапамога прадастаўляецца сем’ям ці грамадзянам, якія трапілі па аб’ектыўных прычынах у цяжкую жыццёвую сітуацыю, якая парушае нармальную жыццядзейнасць, пры ўмове, што іх сярэднедушавы даход складае не больш за 1,5 велічыні крытэрыю патрэбы.
Памер аднаразовай сацыяльнай дапамогі ўсталёўваецца ў залежнасці ад цяжкай жыццёвай сітуацыі, у якой знаходзіцца сям’я (грамадзянін), у суме, якая не перавышае 10-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату прыняцця рашэння аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе аднаразовай сацыяльнай дапамогі.
Сацыяльная дапамога для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў прадастаўляецца незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу сям’і (грамадзяніна) дзецям-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, якія маюць IV ступень страты здароўя, інвалідам I групы, на падставе індывідуальнай праграмы рэабілітацыі інваліда або заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі дзяржаўнай арганізацыі аховы здароўя аб патрэбе ў падгузніках і дакументаў, якія пацвярджаюць выдаткі на іх набыццё.
Памер сацыяльнай дапамогі для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў усталёўваецца ў суме, якая не перавышае 1,5-кратнага памеру бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва, які дзейнічае на дату прыняцця рашэння.
Сацыяльная дапамога для кампенсацыі выдаткаў на набыццё падгузнікаў прадастаўляецца чатыры разы на працягу каляндарнага года, але не больш за адзін раз на месяц.
Дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця прадастаўляецца сем’ям, якія маюць сярэднедушавы даход ніжэй крытэрыю патрэбы.
Сем’ям пры нараджэнні двайнят або больш дзяцей такая дапамога прадастаўляецца незалежна ад велічыні сярэднедушавога даходу.
Сярэднедушавы даход сям’і (грамадзяніна) для прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамогаў, забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця вызначаецца зыходзячы з даходаў, атрыманых членамі сям’і (грамадзянінам) на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічалі месяцу звароту, за выключэннем сем’яў (грамадзян), у якіх член сям’і (грамадзянін) звольнены з работы (службы) у сувязі з ліквідацыяй арганізацыі, спыненнем дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, натарыуса, які ажыццяўляў натарыяльную дзейнасць у натарыяльным бюро, адваката, які вёў адвакацкую дзейнасць індывідуальна, дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва ці іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у іншай мясцовасці, скарачэннем колькасці або штата работнікаў – у гэтым выпадку сярэднедушавы даход вызначаецца зыходзячы з даходаў, атрыманых членамі сям’і (грамадзянінам) за 3 месяцы, якія папярэднічалі месяцу звароту.
Заява аб прадастаўленні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі падаецца грамадзянінам у службу “адно акно” райвыканкама ў адпаведнасці з рэгістрацыяй па месцы жыхарства (месцы знаходжання).
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, каб. 2, або па тэлефоне 2-15-86.
Падрыхтавала Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga