Рэалізацыя Дэкрэта № 18. Якія ўчынкі могуць сапсаваць жыццё?

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Па рашэнні яе членаў маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне прызнана адно дзіця, разгледжана пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на непаўналетняга з-за недасягнення ім узросту адказнасці, а таксама прынята рашэнне аб спыненні работы па праграме комплекснай рэабілітацыі з падлеткам у сувязі з выпраўленнем яго паводзінаў і рэалізацыяй планавых мерапрыемстваў.

Ці заўсёды ёсць запасны выхад?

Трое сыноў гэтай маці, старэйшы з якіх – падлетак, а малодшаму няма і двух гадоў, у сацыяльна ненадзейным становішчы аказаліся год таму з-за паводзінаў жанчыны і бацькі малодшага дзіцяці, яе сужыцеля.

Дарослыя вядуць амаральны лад жыцця, а пакутуюць ад гэтага непаўналетнія, перажывае іх бабуля, якая стараецца дапамагчы дачцэ стаць на правільную дарогу, аднак пакуль беспаспяхова.

На пачатку, калі сям’я трапіла ў сацыяльна ненадзейнае становішча, гора-маці прадаставіла ў камісію па справах непаўналетніх райвыканкама даведку аб праходжанні кадзіроўкі ад алкагольнай залежнасці. На жаль, “зараду цвярозасці” ёй хапіла ненадоўга. Ужо гэтай вясной праблема абвастрылася, з кожным днём станавілася толькі горш. Пры наведванні спецыялістамі службаў прафілактыкі неаднаразова здараліся сітуацыі, калі жанчыну заставалі дома ў стане алкагольнага ап’янення, перадавалі дзяцей бабулі. Бывалі і наогул кур’ёзныя выпадкі, то гаспадыня не адчыняла дзверы, сцвярджаючы, быццам не можа знайсці ключа, з якім пагуляў і схаваў маленькі сын, то п’яная, каб пазбегнуць адказнасці, з ім на руках выкарыстоўвала “запасны выхад” праз балкон (кватэра знаходзіцца на першым паверсе). Паколькі праблема дасягнула “градуса кіпення”, то адказныя службы “забілі трывогу”, і старэйшых сыноў забралі жыць да сябе іх біялагічныя таты. Малодшаму ж пашчасціла менш. Рашэнне аб прызнанні яго маючым патрэбу ў дзяржаўнай абароне камісія па справах непаўналетніх прыняла аднагалосна, улічыўшы, што гора-маці падвяргае жыццё маленькага сына рызыцы з-за сваіх неабдуманых і нецвярозых паводзінаў. Узяць хлопчыка пад апеку выказала жаданне бабуля. Калі ёй удасца аформіць дакументы, малому не давядзецца ехаць у абласны Дом дзіцяці. У біялагічных бацькоў непаўналетняга, якія цяпер сталі абавязанымі асобамі і павінны аплачваць расходы на ўтрыманне сына, ёсць усяго паўгода, каб выправіцца і даказаць, што яны змогуць выхоўваць яго самастойна, толькі ў такім выпадку дзіця вернуць у кроўную сям’ю.

Не ў тым месцы, не ў той час

Так можна ахарактарызаваць сітуацыю, у якую не так даўно трапіў наш юны зямляк. У выніку камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама давялося разгледзець пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні на яго крымінальнай справы з-за недасягнення ўзросту адказнасці.

Як на пасяджэнні расказаў сам хлопчык, у той злашчасны дзень ён выйшаў пагуляць з сябрам. Іх увагу прыцягнулі гучныя дзіцячыя галасы. Шумная кампанія малых забаўлялася каля нежылога прыватнага дома: бегалі па ўчастку, скакалі з дахаў гаспадарчых пабудоваў, шкодзілі (пазней высветлілася, што нанесены ўласніку маёмасці ўрон склаў 5 тысяч  рублёў). Як доўга побач з месцам правапарушэння прастаялі наш юны зямляк з сябрам, што канкрэтна там адбывалася, дакладна не зразумела, аднак малеча пазней сцвярджала, што менавіта яны падбухторвалі за грошы разбіць шкло на верандзе і дастаць гукавыя калонкі.

Цяпер з хлопчыкам, які аказаўся не ў тым месцы, не ў той час, будзе весціся індывідуальная прафілактычная работа. Паколькі ён раней ужо трапляў у поле зроку камісіі, яго заклікалі быць больш абачлівым і прытрымлівацца паслухмянага ладу жыцця, каб у далейшым не трапіць у навучальную ўстанову закрытага тыпу.

Памяняў сваё акружэнне і інтарэсы

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама падвялі вынікі работы па комплекснай рэабілітацыі юнака, які да гэтага двойчы на працягу года прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства. Апошнія 12 месяцаў хлопец вёў законапаслухмяны лад жыцця, пазбавіўся ад некаторых шкодных звычак, чым парадаваў бацькоў і педагогаў, а таксама змяніў сваё акружэнне. У новых сяброў “здаровыя” інтарэсы, а таму і былому парушальніку стала лягчэй ісці па шляху выпраўлення. Гэтай вясной ён ужо папрацаваў у студатрадзе на базе РУП ЖКГ, збіраецца ў працоўны летнік, ёсць планы і на паступленне. Спецыялісты адказных службаў канстатавалі, што падлетак выпраўляецца, а таму комплексная рэабілітацыя дала станоўчы вынік і яе можна спыняць. Разам з тым непаўналетняга папярэдзілі, што наперадзе ў яго будзе яшчэ шмат спакусаў, ад якіх трэба ўстрымлівацца, каб зноў “не наступіць на тыя ж граблі”.

Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga