Прыём грамадзян у Дзятлаве правяла Юлія Аўхукова

Важнае Улада

29 чэрвеня прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян у Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце правяла начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржаўнага кантролю Юлія Аўхукова.

Юлія Уладзіміраўна падзялілася ўражаннямі ад рабочай паездкі на Дзятлаўшчыну.

– Чым карысныя выезды ў раёны для вашай службы і насельніцтва?

– Штоквартальна Камітэт дзяржаўнага кантролю праводзіць прыёмы шырокім колам кіраўнікоў структурных падраздзяленняў. Па-першае, мы бачым, як працуюць органы мясцовай улады з насельніцтвам, наколькі аператыўна яны вырашаюць праблемы. Акрамя таго, вельмі важна адчуваць, чым занепакоены людзі. Напрыклад, паднятае пытанне дарожнага будаўніцтва было актуальным, таму з боку кіраўніцтва краіны на гэты конт прыняты сістэмныя меры, што апраўдвае падобныя кантакты як рэгулярныя, так і перыядычныя. Нават калі зваротаў вельмі мала, то гэта таксама своеасаблівы паказчык таго, што мясцовыя органы ўлады ўсе праблемы вырашаюць своечасова.

– Акрамя “дарожных”, у прыярытэце звычайна праблемы камунальнай сферы, ці ёсць і іншыя, характэрныя для розных раёнаў?

– На самой справе пытанні самыя разнастайныя. Калі ж браць іх “зрэз”, то ў першую чаргу звяртаем увагу на тыя, што тычацца кампетэнцыі мясцовых органаў улады, а гэта сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ўтрымання гарадоў і населеных пунктаў. Наогул жа звароты самыя розныя. Яны тычацца і налічэння пенсій, і сістэмы адукацыі – адным словам, што людзі не могуць вырашыць на месцы, з тым і звяртаюцца па дапамогу на асабістыя прыёмы.

– Якое ў вас склалася ўражанне ад размовы са спецыялістамі Дзятлаўскага раёна?

– Адчуваецца, што службы Дзятлаўшчыны трымаюць усе пытанні пад кантролем, стараюцца своечасова прымаць меры. Лічу, што работа тут пастаўлена на дастатковым узроўні.

У час візіту таксама адбылася сустрэча з метадыстамі вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі райвыканкама па вывучэнні магчымасці аптымізацыі некаторых напрамкаў іх работы. З прапановамі і заўвагамі на гэты конт можна звяртацца ў Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga