Паклапаціцеся пра “жалезнага каня”

Важнае Здарэнні і бяспека

З надыходам цёплага сезона праваахоўнікі фіксуюць усплеск крадзяжоў веласіпедаў.

Калі раней ахвярамі злодзеяў станавіліся людзі, якія па неабачлівасці пакідалі свой двухколавы транспарт у даступным месцы, то цяпер зламыснікі могуць нават залезці ў пад’езд, сарваць велазамок і забраць “жалезнага каня”.

Каб захаваць свае веласіпеды, варта прытрымлівацца некалькіх правілаў:

– нельга пакідаць іх у месцах масавага знаходжання людзей ці ў глухіх парках і скверах без выкарыстання велазамка, калі ж трэба схадзіць у магазін, а “прышпіліць” веласіпед няма магчымасці, то трэба паставіць яго пад камерамі відэаназірання;

– можна зрабіць двухколавы транспартны сродак як мага больш адметным і яркім, каб у зламыснікаў не з’яўлялася жадання забраць такую прыкметную маёмасць, якую будзе вельмі проста апазнаць і знайсці;

– не варта захоўваць веласіпеды на лесвічных пляцоўках і ў пад’ездах. Па-першае, такім чынам яны становяцца лёгкадаступнымі для злодзеяў, па-другое, за загрувашчванне пляцовак прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Калі ж крадзеж усё ж такі адбыўся, то неадкладна паведамляйце пра яго ў праваахоўныя органы. Падрабязна раскажыце ўсю магчымую інфармацыю пра веласіпед: назавіце марку, нумар рамы, прадастаўце фотаздымак (калі ёсць), пералічыце няспраўнасці.

Разам з тым памятайце, што захаванасць вашай маёмасці найперш залежыць менавіта ад вас, намнога прасцей паклапаціцца пра гэта загадзя, чым пасля спадзявацца на вяртанне “жалезнага каня”.

Ірына ЯНОВІЧ,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga