Толькі шчаслівы выпадак збярог нашу зямлячку ад страты вялікай сумы грошай, на якую жанчыну імкнуліся “раскруціць” кіберзлачынцы.
Сваёй гісторыяй з ініцыятывы міліцыі пацярпелая падзялілася з чытачамі раёнкі, каб ведалі “схему” і не трапілі на падман:
– Падобны званок не першы, звычайна я проста кладу трубку і ўсё заканчваецца, але не на гэты раз, – паступова аднавіла дэталі здарэння жанчына. – Прыкладна апоўдні зазваніў мабільнік, на тым канцы мужчынскі голас прадставіўся начальнікам УУС горада Брэста, спытаў, ці ведаю грамадзянку Бялову. Я адказала, што не ведаю і адключылася. Настойліва патэлефанавалі зноў, назвалі мае імя і імя па бацьку, сказалі, каб больш не клала трубку, бо на мяне спрабуюць браць крэдыт. Адумацца не давалі, адно за адным “сыпаліся” пытанні: ці не губляла пашпарт, калі апошні раз была ў банку, ці брала крэдыты? Затым сказалі, што адбылася ўцечка асабістых даных і “злучылі” са спецыялістам юрыдычнага аддзела Нацбанка Беларусі. Новая субяседніца поўнасцю прадставілася і паведаміла, што на маё імя пададзена заяўка на крэдыт у памеры 12 тысяч рублёў. Аформіць дакументы “грамадзянцы Бяловай” дапамаглі “нядобрасумленныя работнікі банка” і падобныя выпадкі ўжо здараліся, таму трэба правесці следства. Падкрэсліла, што яна падала заявы на крэдыт яшчэ на 8 чалавек і ўжо знаходзіцца ў вышуку. Каб “абараніць” мяне, лжэспецыяліст банка прапанавала падключыць мабільны дадатак, пакрокава дапамагла гэта зрабіць. Потым спатрэбілася “ўстанавіць абарону”, што ў нас з ёю не атрымалася, таму заклікала пераключыцца на стасункі ў Тэлеграм-канале. Там субяседніца выслала сваё рабочае пасведчанне, папярэдзіла аб канфідэнцыяльнасці і забароне на распаўсюджванне інфармацыі “аб следстве” нават блізкім сваякам. Далей мяне накіравалі ў банк афармляць заяўку на крэдыт. Паколькі я пенсіянерка, хоць і працоўная, мой банк адмовіў у крэдыце на 12 тысяч. Тады куратары сказалі ісці ў другі банк, дзе таксама ўзніклі праблемы. Тым не менш тэлефонныя “банкаўскія работнікі” ўжо згаджаліся на любую крэдытную суму, раілі ісці на работу браць даведку аб даходах, бо правесці следства і знайсці нядобрасумленны банкаўскі персанал трэба абавязкова. Махляроў не спынілі ні мой псіхалагічны стан, ні мае слёзы, на ўсё ў іх была падрыхтавана пераканаўчая парада. На шчасце, у мяне пачаў “глючыць” тэлефон, і пасля атрымання даведкі аб даходах я не змагла звязацца са сваімі куратарамі і даведацца, што рабіць далей. Уратавала, што адразу ж прыйшла думка звярнуцца да начальніка дзятлаўскай міліцыі і ўсё расказаць яму, як адказнай асобе органаў унутраных спраў, гэта ж не будзе “распаўсюджаннем сакрэтных даных”.
Вельмі ўдзячна Аляксандру Білю і супрацоўнікам аддзела за дапамогу. Яны мяне супакоілі, сцерлі праграму аддаленага доступу з майго мабільніка, расказалі пра махлярскія схемы – крэдыт я не ўзяла.
Каб не трапіць у праблемную сітуацыю, людзям раю не рэагаваць на падобныя званкі, не паддавацца на маніпуляцыі “спецыялістаў з тэлефона” і не афармляць ніякіх крэдытаў па іх просьбе. Проста кладзіце трубку і блакіруйце настойлівыя званкі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga