Лета-2023. Кожны дзень з сюрпрызам

Грамадства Свежыя навіны

Лета сонейкам сагрэта

Выхаванцы аздараўленчага летніка “Карусель” Хвінявіцкай сярэдняй школы паглыбілі свае веды аб гісторыі, культуры, спартыўных дасягненнях, прыродзе, архітэктуры Рэспублікі Беларусь. Гэтаму паспрыялі розныя конкурсы, віктарыны, квэсты, вулічныя і спартыўныя гульні. Але, вядома, самым лепшым спосабам спазнаць свой край з’яўляецца экскурсія. На працягу змены выхаванцы летніка наведалі пляж у Дзятлаве, “Папяровае шоу” ў Доме культуры, Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей.

А таксама пабывалі на займальнай экскурсіі ў горадзе Гродне. Першым пунктам падарожжа стаў Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі –  адзіны музей у Рэспубліцы Беларусь, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. Там дзеці пазнаёміліся з гісторыяй і культурай народаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Далей адправіліся ў Гродзенскі заапарк, пабывалі ў тэрарыуме, акварыуме, на папугайні.

Кожны дзень з сюрпрызам

Супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС сустрэліся з выхаванцамі летнікаў “Сонейка” Жукоўшчынскай базавай школы , “Здаравячок” Казлоўшчынскай сярэдняй школы, “Весяльчак” Круцілавіцкай сярэдняй школы.У пачаткусустрэчы інспектар Мікіта Кандратовіч расказаў выхаванцам пра бяспеку ў побыце, як правільна абыходзіцца з электрапрыборамі, не дапусціць пажаранебяспечных сітуацый.

Але самым цікавым для дзяцей была дэманстрацыя пажарнай тэхнікі. Яны актыўна цікавіліся пра працу ратаўнікоў, агледзелі абсталяванне пажарнага аўтамабіля, патрымалі ў руках гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент, надзелі дыхальны апарат на сціснутым паветры, які выкарыстоўваецца для абароны органаў дыхання і зроку падчас тушэння пажараў. Шчырае захапленне ў дзяцей выклікала дэманстрацыя работы аварыйнай сігналізацыі і пажарнага рукава.

У Ліду па ўражанні

Выхаванцы летніка “Сонейка” Жукоўшчынскай базавай школы пабывалі на экскурсіі ў горадзе Лідзе. Яны наведалі ААТ “Лидапищеконцентраты”, дзе  пазнаёміліся з гісторыяй і тэхналогіяй вытворчасці выпускаемай прадукцыі; конную школу ў Дворышчах, атрымалі магчымасць не толькі палюбавацца на прыгожых насельнікаў, але і пракаціцца на іх; забаўляльна-гульнявы клуб “Палярыс”, там дзеці займальна правялі час, гуляючы ў лазертаг і праходзячы па вяровачным мосце.

Памяць пакаленняў

Выхаванцы профільнага палатачнага летніка “Патрыёт” Хвінявіцкай сярэдняй школы пабывалі на экскурсіі па маршруце: аграгарадок Хвінявічы – мемарыяльны комплекс “Музей. Зямлянка”, вёска Зачэпічы – магіла Іосіфа Філідовіча, вёска Шаршні – памятны знак Ліпічанскаму Сусаніну, вёска Чырвоны Бор – абеліск загінулым землякам, аграгарадок Хвінявічы. Вучні ўшанавалі памяць землякоў-герояў ускладаннем кветак і хвілінай маўчання. Валанцёрскую акцыю “Помнім. Ганарымся. Захоўваем”, якая прайшла падчас наведвання памятных месцаў малой радзімы, прысвяцілі Году міру і стварэння. Гадзінай памяці “Землякам, якія не вярнуліся з вайны” выказалі сваю ўдзячнасць за магчымасць жыць пад мірным небам.

Ніхто не забыты

У летніку “Весяльчак” Круцілавіцкай сярэдняй школы прайшоў Дзень памяці пад назвай “Ніхто не забыты, нішто не забыта”. Дзеці наведалі экспазіцыю школьнага музея “Дарогамі вайны”, даведаліся аб аднавяскоўцах, якія мужна абаранялі Радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны, азнаёміліся з выставай “Генацыд: памятаць усіх, памятаць кожнага” ў Данілавіцкім доме культуры, усклалі кветкі ля помніка загінулым воінам у вёсцы Данілавічы, ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga